выабражэньні. Каб ён ведаў, што я тут вытвараю! Сьмяяўся-б покатам, цешыўся-б».
У супроцьлежным акне патухла сьвятло. Рыгор апусьціў фіранку. Каморка правалілася ў шэрасьць ночы. Ён паглядзеў на двор — было шэра і на дварэ. Цьмяны водсьвет ліхтароў чуць-чуць мігаў над дахам бакавога муру.
«Сапраўды», адвярнуўшыся на каморку і гледзячы ў яе шэрасьць, задумаўся ізноў Рыгор: «цікава ўсё-ж са мною. Так заклапаціцца дробнымі справамі прыватнага жыцьця! Якія ў іх прынцыпы ці законы, каб на іх будаваць тыя або іншыя пляны? У параўнаньні з агульным жыцьцём — то-ж мізэрная нязначнасьць. Усё залежыць ад агульных умоў: паправяцца — выграю і я, пагоршаюць — пацярплю з іншымі. Значыць тады — патрэбна змаганьне супольнымі сіламі за супольныя мэты».
Думаючы яшчэ з поўгадзіны, Рыгор папераменна пераходзіў з полюса да полюса ў двух рознастайнасьцях сваіх думак. Рабіў параўнаньні, выводзіў супольнасьць між асобаю і масаю, даводзіў і разьбіваў доказы пераважнасьці самотных інтарэсаў над агульнымі.
Нарэшце, адчуў утому: пачалі блытацца думкі і перарывацца ўспаміны. Ацяжэла галава. Рыгор паглядзеў на гадзіньнік — гадзіньнік паказваў палову другое.
Няпрыкметна прабег час. Успомніў, што заўтра на работу, і кінуўся ў пасьцель…