Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/254

Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ЧАЦЬВЕРТАЯ



I

РЫГОР РАЗУМЕЎ СЁМКУ, і калі судзіў аб ім, то судзіў упапад.

Расстаўшыся з таварышам, Сёмка не пасьпеў яшчэ выехаць з прывакзальнага пляцу, як ужо выпусьціў з думак ня толькі Ганну, а і ўвесь вобраз вакзальнага руху. Усё зьлілося ў мінутным выбуху нейкай мятусіны і адразу расплылося ў лёгкім тумане. Астаўся адзін Рыгор, з якім не разрываліся яго думкі, які загартаў сабою і вакзал, і яго рух. Усьлед цягніку нясьліся Сёмкавы думкі, а ў грудзях яго адчувалася прыкметная пустата. Ня верылася, што прыдзецца аднаму вярнуцца ў Сілцы. Вырасла ў яго галаве многа розных вялікіх плянаў, якія ахоплівалі ўсё жыцьцё і вярцеліся вакол яго. Сёмка раз-по-разу азіраўся ў бок вакзалу, пакуль ня выехаў за пасёлак.

Цёплая сонечная раніца чаравала поле. Зелень кушчастае густое ярыны ізумрудзілася полівам чырвоных праменьняў сонца, сапла цёплым, парным паветрам пасьля мыцьця халаднаватай расою. Цёмнымі лахматымі брыжамі абкідалі поле маладыя лясы-хвойнічкі. З кута роўнакутніку, які апісваў маладняк, каля пералеску нёсься гук трубы-беразоўкі і зычныя рэзвыя галасы пастушкоў. Крычалі вароны і перакідваліся з месца на месца сіваваронкі. Цыбаты бусел спацыраваў па граніцы лесу, адначасна сумяшчаючы службу палясоўшчыка і паплаўнічага. Паважна апускаў голаў, пасля паднімаў яе і глядзеў у бакі. Пэўна, цікавіўся заліўным траскатаньнем некалькіх жаўранкаў над руньню. Косаю сцежкаю, што выходзіла з хвойнічку і накіроўвала ў левы ад Сёмкі бок, да вёскі Пралескі, паціху, чуць-чуць варушачыся, ехала на адгоне адна ад другой пара хурманак. На драбінах сядзела па адным чалавеку ў белых сарочках; яны выглядалі гіпсовымі фігуркамі, якія хтось акуратна паставіў на вазох і пусьціў ціхім тупатам коні, каб не разьбіць іх ад трасяніны па калдабоінах выбітае сьценкі. Хутка вышла з рогу