закуранае дымам і сажаю лёхі, роўным шэрагам, стройна, як птушкі на адлёце ў вырай, зашнуравала рознакалёрная, рознарослая гавяда. Матаючы галовамі і пачаргова рыкаючы, яна выводзіла сабою жывую нітку, якая пацеркамі раскідалася па зялёным гале выгану. Мэрам-бы хтосьці раскідаў яе, як фокусьнік стужкі, каб паказаць асаблівую стройнасьць жывёльнага параду. Ужо пярэднія хаваліся ў платох гародаў, заходзілі за грудок і зьнікалі, а з лесу ўсё яшчэ не пакідалі паказвацца новыя і новыя. Хутка над іх шэрагамі завіўся камякамі белы лунь, выпушчаны пасекаю ды бярэзьнікам, і акольны вобраз прыняў яшчэ больш дзіўны выгляд, дапамінаючы ўрачыстае вандраваньне казачных пілігрымаў з ахвярнікамі ў руках. Забелены дол служыў ім абрусамі, а вячэрнія птушкі — вястунамі аб дасягненьні блізкай мэты.
— Паглядзі адно, як цікава расьцягнуўся цуг кароў! Вось колькі гавяды ў Сілцох!
Сёмка працягнуў пугаўё.
— А гэта-ж ня ўсе: гэта толькі з лясной пашы.
— Вось і згадзіся пастароньні, што Сілцы бедныя.
— А сапраўды яно і так — каб гэта зусім бедных, дык наўрад ці знойдзеш.
— Што ты, Зося! — пераняў Сёмка, — плявузгаеш ліха ведама што. Як-бы нічога ня ведае… Колькі ёсьць гэткіх, што малака ў вочы ня бачаць; я не кажу таго, што ў большасьці каровы — фундамант усяго: здохні карова — няма чаго есьці, і прападае гаспадарства. Гэткіх сотню можна налічыць… А Рыгорава маці?
Зося змаўчала; каб Сёмка паглядзеў на яе, то адразу падмеціў-бы, што дапамінаньне аб Рыгоравай мацеры адбілася смуткам на Зосіным твары. У нутры-ж нельга бачыць — а там у Зосі так і захадзіла хадуном, так і разьлілося нешта цяжкім атрутным жарам. Яна паправілася сядзеньнем, каб хоць крыху астудзіць раптоўнасьць у перамене настрою і думак… Стэпа — што, то, бач, Рыгор! З ранку кратаў ён Зосіных думак і пачуцьця, а з паўдня — да самага вечару і зараз вось, едучы і гутарачы з Сёмкам, яна выпадкова адцягнулася ад яго сваімі думкамі. І так было добра, лёгка і спакойна, нядбайна неяк! Ня прыходзіла на памяць, што Сёмка ўчора адвозіў Рыгора,