— Ды нічога, нічога, не пужайцеся вельмі гэтак, я так сабе прылягла; сон пачаў марыць — вось і задумала прыдрамнуць… На вячэру ўзбудзіце.
— А я думала, што ты, Зосечка, мо’ занядужала?.. Спачынь, спачынь, я разбуджу цябе вячэраць, — спагадліва праказала Марта, апрануўшы дачку новым стракаценькім дыванчыкам.
Зося сьцішылася і хутка прыдрамнула. У сенях быў пограб і ад гэтага было зімнавата: мух таксама ні адной, і спалася смачна і прыятна. Здавалася яна праспала-б цэлую пору, каб ніхто ня трывожыў; толькі яе скора раскатурхалі і пазвалі вячэраць. Не хацелася, страх як не хацелася, Зосі паднімацца з ложка ды ісьці ў хату, але маці так нагальна прыкасьнілася, што яна не магла як адмовіцца і мусіла паслухаць.
Калі Зося ўбегла ў хату, за сталом сядзела ўся сям’я. Бацька, толькі што вярнуўшыся з пасекі, падгарэўшы, весь чорны ад пылу і поту, таксама быў здорава вымерхаўшыся і старэнна, па поўніцы чэрпаў паважаную ім страву. Гледзячы на Зосю і бацьку Тэкля старалася не астацца і ўганялася з ядою, сьледам за бацькам.
Павячэраўшы, Мікола вылез з-за стала і скарэй-жа хваціўся за люльку. Марта пачала прыбіраць пасуду, а Зося кінулася ў акно.
— Як, хаця, ты там, Зоська, справілася з ворывам? — цмокаючы люльку, запытаў Мікола.
— Як, ці справілася? — перапытала Зося.
— Ды бач, ці скончыла, ці яшчэ асталося крыху?
— А яшчэ, татка, крыху асталося, — ня вылазячы з акна, адказала Зося.
— Але ганоў з шасьцёра загарала?
— Э, болей. Ганоў з васьмёра.
— О, то ты сёньні малайчына… Апошняе скончыш на гэтым тыдні і ў суботу, на дзяды, якраз можна будзе грэчку засеяць. Я думаю, яшчэ ня будзе пазнавата.
— Ды яшчэ зусім не пазнавата, — адказалася з мыцяльніку Марта: — яшчэ і людзі толькі што прыняліся сеяць. Цяпер тройца раньняя, зямля толькі што пасьпела адапрэцца.
— Ды яно-ж такі і гэтак, — пахкаючы люльку, згадзіўся Мікола.
— А каняку чаго-кольвек падкінула?