Старшыню-ж імпонавала агульная ўвага прысутных, і ён не сароміўся прыняць адпаведныя свайму чыну тон, позу і настрой.
— А думаеце, мужчыны, невялікая заслуга ў выхаваньні Васіля за Хлёрам? Памойму, каб ня Хлёр, то Тадосі-б вельмі цяжка было справіцца з гэтым. Яна праўду кажа, адзначаючы гэта. Ужо тое колькі варта, што Хлёр сумеў пераняць Васіля ад розных непахвальных кампаній. Тут патрэбна цьвёрдая мужчынская рука, хітры падыход, каб правясьці між ямак і калдобін. Маці! Мала што маці! Кабета, пры гэтым занятая кабета — ці-ж бы яна дагледзела за ім? І, будзьце пэўны, Васіль даўно круціўся-б з гэтымі басякамі-дэмократамі; а можа-б к гэтаму часу і сядзеў-бы дзе. Цяпер дужа неспакойны час, скрутны так, што вельмі цяжка абмінуць, каб не папасьці ў яго вадакрут. Вы паглядзеце! — старшыня ўвашоў у аплёмбу: — колькі вы налічыце ў Сілцох, ды нават ва ўсёй воласьці, гэткіх людзей, як Васіль? Нават мужчыны — і тыя, на іх цураха, многа дзе забаламучаны дэмокрацтвам — не кажу ўжо аб моладзі… Вось чаму Тадося павінна дзякаваць свайму швагру.
Словы старшыні пападалі ў цэль: Хлёр няскрытна лісьціўся імі, і пакуль Андрэй казаў, умільна пазіраў то на старшыню, то на Васіля, то на Тадосю. І думаў пра сябе: «А разумны, аднак, чалавек Андрэй. Не здарма каторы раз яго воласьць абірае за старшыню. Удаецца ў кожнага жыцьцё і ведае яго, як сваё».
— Я — дзядзька Васілёў, — зьмяніў старшыню Хлёр: — мусіў ахоўваць свайго нябога. Бо, праўду кажа наш паважаны старшыня, каб не глядзелі за ім, магло-б многае што стацца. Цяпер, калі я гляджу на Васіля, устае гонар ва мне — то-ж мой выхаванец. Я не хвалюся, а дзяцей гадаваць умею добра. Вось у мяне двое малых, а загадзя магу сказаць, што выведу іх у парадачныя людзі.
Хлёр адхінуўся на сьцяну і выцер рукавом губы.
— Вядома, вядома, вядома… — не астаўся ў даўгу Апанас Хрыпак: — з дзяцьмі цяпер, як са шклечкам, трэба акуратна абыходзіцца: так і сачы за імі, каб ня выпусьціць з рук. У мяне, праўда, іх няма, але ўжо лепш ня мець, як мець распусных ды зьвіхнутых з пуці. Ці-ж добра бацьку, калі яго дзіця ўлада арыштоўвае да саджае ў астрог або ссылае? А гэткіх цяпер