прыставу, а без яго нельга падыйсьці ўмела і дасьціпна да вясковых умоў. Гэта — заданьні старшыні. Часамі гэтага не ўважаюць па начальству, а, сапраўды, яно нясуменна.
— Будзь спакоен, Васіль! — пацешыў старшыня: — усё зробіцца. Твайго кшталту людзям будзе заўсёды лепш жыць. Вер! Усе гэтыя дэмократы і соцыялісты нойдуць сабе належны прытулак… Начальства ня сьпіць, — Андрэй паківаў пальцам, — яно ведае, дзе ракі зімуюць…
У гэтым напрамку гутарка працягнулася яшчэ з поўгадзіны: госьці не шкадавалі ні слоў, ні праклёнаў, накіроўваючы іх на бунтаўшчыкоў-дэмократаў; вынаходзілі розныя абвінавачваньні іх, прыпісвалі ім віну ў сухавеях, у градабіцьці, у няўродах і інш. А калі выказаліся ўволю, расходаваўшы цікавасьць і запас слоў, — перашлі да песень. З добрага пачатку старшыні прапяялі некалькі трапароў і перашлі да сьвецкіх. У пяяньні прынялі чынны ўдзел Васіль і Тадося. Да гэтага ўвіхаўшыся каля гасьцей, цяпер яны прыселі да стала і шчыра, да адказу адчынілі вусны.
Пяяньне забрала цэлых дзьве гадзіны. Ажно зьдзівіліся ўсе, калі Хлёр выпадкова паглядзеў на гадзіньнік і праказаў:
— Ого, а ўжо першая гадзіна па поўначы!
Тады зарухалі на месцах, і тут-жа пачалі вылазіць з застольля. Першым вылез на хату старшыня. Каб паказаць сваю далікатнасьць, ён падышоў да Тадосі, працягнуў ёй руку і падзякаваў; тое самае зрабіў і з Васілём. Апанас і Дзям’ян абмежаваліся слоўнай аддзякай.
Тадося з прыемнасьцю прыняла далікатнае абходжаньне Андрэя і для выгляду запрасіла мужчын яшчэ крыху пасядзець.
— Чаго вам дрэнчыць? А калі ўдзень спачынеце? Расклапаціліся ўжо вельмі! Астанецца на ваш век працы! Частуйцеся!
У яе голасе і ў рухах адзначаўся павышаны настрой і рэдкая для яе раздобранасьць. Падыходзіла то да аднаго, то да другога і таўхала іх у плечы, цягнула за рукі, намервалася цалавацца. А калі ўсё-ж гэта не пасабіла і госьці намерыліся ісьці, яна зрабіла нездавольную міну і спакойна прамовіла да ўсіх:
— Ну, калі ўжо згаварыліся не паслухаць — нічога не парадзіш. Сілаю-ж мы вас ня ўтрымаем…