— А такі чуць-чуць і не ўхадзіў ад сьценкі да граніцы, — нахваліўся Сёмка.
— Я так і ведаў… Чуеш, маці? — крыкнуў Хведар праз акно: — Сёмка ўхадзіў каля чацьвярых ганоў! Ха-ха-ха! Вось маладзец!
— Ды навошта табе было гэта?! — выказалася маці.
Сёмка пакінуў бацьку пры кані, а сам увайшоў у хату і павітаўся з таварышамі.
— Бачыце, як страшыдла якое! — паказаў ён на сваё адзеньне! — калі тое будзе, што магчыму я з поля прыехаць падобным на чалавека?
— Можа і будзе, — выказаў Сроль: — тады, як і мы ляпей выглядацьмем.
— Ды, не, дзеткі, вам гэтага ўжо не прычакаць, — разуверыла іх Сёмкава маці: — хаця-б так, як ёсьць, было-б заўсёды…
Сёмка прысеў на ўслоне, скінуў шапку і паведаміў таварышоў:
— Думаеце, чаму я так запазьніўся? Ехаў да гасподы і напаткаў Мікалаішку Зосю; узяў падвесьці, і як разгутарыліся, дык і заняўважылі, ці ідзе конь ці стаіць. Так шагам і краталі болей гадзіны.
— Мы так і ведалі, што тут не бяз прычыны, — пакпіў Сроль.
— Тота-ж: дзяўчына тым болей.
— Да ты за дзяўчатамі, бадай, шчырэй гонішся, як за зямлёю, — дадаў Віктар.
Маці за нечым вышла ў сенцы.
— Ды тут, ведаеце, надзвычайны выпадак; трэба было з Зосяю перагаварыць сёе-тое. Рыгор перадаў паклон, а побач хацелася вызнаць яе настрой у зьвязку з сватамі, усё разам мела пэўную цікавасьць…
— Дык Рыгор, знача, ужо кінуў нас, — з несхаванаю спагадаю вымавіў Віктар: — так, а шкода, ведаеце, яго. З ім іначай чулася. Каб жыў тут — можна было-б шырока працу разьвярнуць — яго і вопыт багаты, і здольнасьці немалыя… Бяда наша ў тым, што нічога добрага не застаецца ў нас; вынікне, пакажацца таленавіты хлопец — і зараз-жа едзе ў горад. А тут — як была пустач, так і астаецца… Вось і паварушы людзей…