— Няма з намі, то ў горадзе сваё нагоніць, — суцешыў Сроль.
— У горадзе! — не згадзіўся Віктар: — горад больш нашага мае… ды гораду ня столькі людзей і трэба… Самы грунт у нас ды вось у гэтых вёсках. А Рыгор якраз і падходзіць да мясцовых умоў: селянін, і гэткі верны соцыялізму… Не здарма-ж яго так ненавідзелі нашы багацеі. Чулі, чым пахла ад яго. Колькі стараньняў палажылі, каб збавіцца як…
— Праўда, праўда, — падмацаваў Сёмка: — каб Рыгор пабыў яшчэ колькі часу, дык не здабраваць-бы яму…
— Ну, з часам аддзякуем.
Сёмка засьмяяўся і пачасаў патыліцу.
— Братка, Сроль! Хто яго ведае, ці хутка дачакаем мы таго часу… Бачыш, прыкмет мала. Дзевяцьсот пяты год адышоў далёка, а новага ня відаць. Тымчасам абцугі ўсё цясьней сьціскаюцца.
— Пэўна, яшчэ шмат трэба змагацца. Можа і не прычакаць нам, ну а дзеля другіх ня трэба?..
Сроль змоўк і паглядзеў на дзьверы. Сёмкавы бацькі ўвіхаліся на дварэ, абгаворваючы хатнія пытаньні. Брат Сёмкі, Ігнатка, што дагэтуль пільна прыслухоўваўся да іх гутаркі, зьнябыўся і прыкархнуў.
— Слухай, Сёмка ціха, — на вуха Сёмку прамовіў Сроль: — мы прынясьлі да цябе схаваць літататуру; толькі што атрымалася з Вільні. Трэба будзе распаўсюдзіць на Пётру, а ў нас няма як пакінуць. Ты дзе-колечы ў гумно ці ў хлеў запхні, і хай паляжыць.
Сёмка памаўчаў і прычыніў акно. Падумаў крыху і адказаў:
— Што-ж зрабіць: няма дзе ў вас, захаваю я. Ці-ж то пяршыня? Прыносьце.
Сроль засьмяяўся.
— Ужо прынесена — вось.
Ён паказаў на нелапы пак паперы.
— Тут пяць тысяч — хопіць па ўсх дарогах. На Пётру ў абед трэба будзе рассыпаць.
Сёмка ўзяў пак і хутка аднёс яго ў падпечак.
— Заўтра перахаваю…