— Пачалі адгадваць, меркаваць, пазіраць на сонца.
— Спанталыжыліся.
Улева ад іх прагукаў пастушок — «кся-а-го-го-а-го!»
— Давай направа.
Хлопцы прашлі некалькі сажняў і ачуліся на роўненькай, заросшай мяккаю мураўкаю палосцы. Яна паходзіла на мяжу, а не на праезжую дарожку. Лахматымі грыўкамі, мэрам палоскі дэсьні, выступалі два касьнічкі травы паабапал лёгкае лагчынкі, кудэю калісьці ступалі коні. За каляінкамі для калёс — шырэйшыя стужачкі таго-ж травянога ядвабу. З густога лесу жыта, спалавелага, вытыркалі ўперад сінія галоўкі цыбатае валошкі, падгалісты куколь. Між комлікаў — вілася і на таўсьцейшым — то тут, то сям — гадзінаю абкручвалася бярозка. Маленькія вочкі — яе цьвет — глядзелі на падсушаную зямлю і губілі ў яе шэрасьці свой бледна-сіні, на чужых соках выхаваны колер. На сьценцы бялелі цюцюпаны, абдуванчыкі, жоўты малачайнік. Па ўсёй гэтай маўклівай прыгожасьці — толькі паўзком, мімалётна — каўзанулі хлопцавы ўзрокі і пасьля краскі і зелень, і жыта — асталіся для сябе чакаць больш цікавых, больш уважлівых, больш цёплых вачэй і шчырых адносін. Можа трапіць часам да іх гарадзкая дзяўчына, якая гадамі ня бачыла поля, убачыць і выкажа спагадлівыя словы — «Якая прыгожасьць!» А яны — Сёмка ды Пятрусь хлебаробы, — што ні дзень, ужо праз колькі гадоў стыкаюцца з імі пры нараджэньні і пры ўміраньні, пры зацьвітаньні і пры адцьвітаньні. Прывыклася: ім зараз вось патрэбна інакшае хараство — хараство высокіх пазываў, магутных калыханьняў, нясупыннага ўздыму.
Хутка вышлі на ўзгорак, апяразаны долам — ганоў пяцёра ад пасекі і з вярсту ад Сілцоў. Прыпыніліся, як па згаворы. Аглядзеліся навокал: ззаду шырокім дываном — далёка ўшыркі і карацей удаўжкі — расьсьцілалася пасека — пасьбішчы; улева, паднімаючыся да верху, на другі ўзгорак, кацілася паважнымі хвалямі жыта. На ўзгорку стыкалася з небам і, здавалася, стадкі авечка-хваль паднімаліся ўгору, каб упасьці на яго сіняе гала. Уперадзе зноў-жа ўзгрудак хаваў ад іх Сілцы. А ўправа — разгортвалася шырокая даліна: канчалася жыта — пачынаўся выган, а за выганам, аддзяляючы яго ад папару, віўся Ліцкі шлях. Ён увесь — на колькі ахапляла вока — быў запоўнены хурманкамі і пешаходамі — жыў, плыў рэчкаю бурлі-