Маці задумалася, прыпамінаючы.
— Ня ведаю, дзе і што вы былі, толькі я вас не заставаў. Ня было ні бацькі, ні хлопца.
— Ласьне прыпомніш? Можа куды і адлучалася, — уткнуў бацька, які дагэтуль маўчаў, стаючы каля дваровага акна.
— Вось ты, хаця, Хведар, не плявузгай ліха ведае чаго. Што я, няпрытомная, ці што? Не адлучалася, кажу, праз цэлы дзень; нават знарок яшчэ яго чакала.
Хведар адступіўся на хату, матнуў нездаволена рукою і прамовіў:
— Заўсяголаў ужо з тым, што было. Кіньце ды давайце вячэрацьмем… Абы прышоў цэлы — хоць-бы і два дні ня было.
— Чаму вы кажаце «цэлым»? — падхапіў Сёмка.
Хведар абярнуўся к сыну.
— А таму, што, вось, Віктара ужо сцапалі.
— Адкуль вы ведаеце?
— Ведаю. А хто гэтага ня ведае? Усе Сілцы як у бубен б’юць. Я нават бачыў, як яго вялі… Усіх вас пераводзяць. Жыві ды чакай — бо пусьціліся ўжо на тое.
Ён падышоў к мыцельніку і памыў рукі.
— А малога яшчэ няма?
— Нідзе ня дзенецца, — адказала старая, завінуўшыся з качэргамі. — Балхвіш ты ліха ведае што, — перамяніла яна гутарку: — чаму гэта ты вымеркаваў так, што няпрыменнча ўсіх пераарыштуюць? Адкуль ты гэта ўзяў? Што, напрыклад, Сёмка шкоднае зрабіў для поліцыі? Або, каму ён чым перашкаджае?
Хведар вышчарыўся на жонку.
— Калі нічога ня ведаеш, дык сама маўчы… А Віктар што, патвоему, шкоднае зрабіў? Украў у каго што, ці падпаліў каго? Лісткоў некіх з дзесятак растыкаў сялянам — вось і ўсё. Можа сам знашоў дзе. А глядзі — узялі і арыштавалі. Тое можа стацца і з другімі. Бачыш, гэта-ж таварышы: і Сёмка, і Пятрусь, і Віктар, і Сроль. Панашаму — усе яны невінаваты, а начальству — бяльмо ў воку.
На дварэ занокаў хлапчук.
— Ігнатка прыехаў?!
Хведар кінуўся з хаты і пакуль вярнуўся з хлапчуком, на стале стаяла вячэра. Сёмка ўлазіў за стол, крыху пасуваючы яго ад лавы. На дварэ вечарэла. У хаце па куткох туліўся