змрок; з надворку праз невялічкія акенцы глядзелася смуглае алавянае сьвятло.
— Можа засьвецім газьніцу?
— Абыйдземся. Павячэраем і спаць — навошта той агонь. Госьці ня прыдуць.
— А табе вельмі спаць закарцела! — падкрэсьліла зламысна Саламея: — высьпішся яшчэ — ня надта запрацаваўся… Вунь чужыя мужчыны на прызбах сядзяць і ня думаюць аб сьне. А гэта ўжо вельмі…
Яе перабіў раптоўны бразг дзьвярэй.
— Бачыш, людзі наведваюць, а ў нас у хаце, як у коміне — цемната. І агню засьвяціць лянуецца…
Саламея адбеглася да прыпеку, знашла сярнічкі і засьвяціла агонь.
Якраз увашла Стэпа.
— А я думала, што мо’ няма нікога ў хаце. Дабрывечар ў хату! — праказала яна.
— Дабрывечар! — за ўсіх адказала Саламея.
Сёмка папрасіў Стэпу сесьці.
— Сядай, сядай, сястрыца, — дадала ад сябе Саламея. — Гэта наш стары гэткі — прашу агонь запаліць, а ён і ні рыдае.
Стэпа прысела.
Мужчыны вылезьлі з-за стала, а Саламея падліла сабе стравы і канчала вячэраць.
— Што-ж, уладзіны глядзець пойдзеш? — абярнулася Стэпа да Сёмкі.
— Думаю, — адказаў той! — чаму-ж не паглядзець? Таварышка выходзіць замуж… А ўсё гэта прыдзецца Рыгору пісаць…
Стэпа як сядзела, так зразу пахмурнела і прасьлязілася:
— Ай, Сёмачка! — заківала галавою: — шчасьлівыя тыя бацькі, што з дзяцьмі не разлучаюцца: і гуляюць, і жэняцца, а бацьком пацеха.
Саламея кончыла вячэру і пачала прыбіраць са стала, Хведар прысеў каля прыпеку і закурыў люльку.
— Там Рыгорка, хто ведае, як маецца, а я тут усё плачу ды плачу па ім, вачэй не асушваю.
Не адгінаючы галавы, разуважыў Хведар: