— Ай, цудная ты, мала што вярзецца ў сьне; часамі наблытаецца ліха ведае чаго, дык усяму і верыць? Вось праўдзівей усяго — ліст атрымаеш.
— Я нават думаў, што вы ўжо прынесьлі ліст прачытаць, — дадаў Сёмка.
Стэпа павесялела, адышлася к лаве ды прысела:
— Мой сынок, дзе-ж ты бачыў! Я сама ня ўрымшчуся дачакацца… Да цябе прыбегла запытаць, ці часамі ня прыслаў ён табе якое весткі? Так задоўжылася ўжо, так зацягнулася…
— А чаго-ж ён будзе Сёмку прысылаць наперад? Перш мацеры трэба, а тады ўжо таварышам, — разуважыў Хведар.
— Не, я не атрымаў… Але ня сумуйце, цётка, прышле хутка. Няхай агледзіцца там ды асталюецца добра.
— Каб-жа з ім толькі ня сталася нічога дрэннага. Так ужо я прачакалася, што вытрымаць не магу. Дні і ночы непакоюся, трывожыць нешта мяне.
Стэпа кінулася ў горнасьць і пачала плакаць, выціраючы вочы то кончыкам хусткі, то хвартухом.
— Напіша, напіша: ці-ж вы думаеце, што ён ужо забыў пра вас? Помніцца яму ўсё: і маці, і Сілцы, і Зося.
Нязвычніха сутрымала горнасьць і адвярнулася да Сёмкі.
— Ай, Сёмачка, што ўжо яму думаць аб Зосі! Яна і ня прызначана было яму. Я ня раз Рыгорку казала, як ён яшчэ быў дома: «Кінь, кажу, сынок, Мікалаішку — яна дзяўчына не дзеля цябе. Куды, кажу, табе набівацца да Прыдатных — гэта людзі ня нам раўня, гаспадары, знатныя ды заможныя; з пагардаю глядзяць на гэткіх, як мы. Табе, сынок, кажу яму, заўсёды знойдзецца дзяўчына з роўных нам. Два-тры гадкі пачакаеш пакуль, а тады — абы хацеў: у Сілцох дзяўчат хопіць». Але ён, Рыгорка, чамусьці ня слухаў мяне — ганяўся за Зосяю. Гаварыцца не даваў, ставіў яе вышэй усіх. А чаго вельмі там павабнага: ну, дзяўчына ня дурная, больш-менш самавітая — ды ці-ж яна адна гэткая? Толькі — у сэрца-ж ня ўлезеш, калі так ушалопаў… А цяпер, вось, якраз памойму сталася. Ты ўжо, Сёмачка, на выпадак чаго разуваж яго ў лісьце, адгавары, каб ён ня дужа шкадаваў Зосі — заўсяголаў яны, гэтыя Прыдатныя, бяз іх абыйдземся. Няхай сабе цешацца, а Рыгорку майму знойдзецца іншая дзяўчына. Усё-ж, хоць і бедныя мы, а за іншых людзей ня горшыя. Не на Прыдатных сышоўся сьвет. — Стэпа