— Хоць калі… Ну, на гэтым тыдні, ці крыху раней?
— Здаецца, нічога. Сапраўды?
Сёмка ўхмыльнуўся — разьвеяў нядаўную трывожнасьць на Вольчыным твары.
— Кажы, кажы? — настойвала яна.
— З умоваю, што будзе шыта-крыта. Між намі? Згаджаешся?
— А то я калі што каму пераказвала? Папомні хоць адзін выпадак.
— Так, раней ня было…
— А цяпер?.. Кінь, Сёмка, казаць ліха ведае што. Яшчэ я не дашла да таго, каб выбрэхвацца. Будзь пэвен, што і далей нічога не зраблю… Кажы, а то я закрыўдую на цябе.
Волька апусьціла голаў, а грудзі пачалі выдыхаць ціхія, чуць прыметныя гукі скаргі ды ўкоры.
— Ты-ж ня злуйся, Волька: я жартую, мала што.
Ён заглянуў ёй у вочы.
— Слухай.
Яна настаражылася.
— Гэта я пачуў перад тым, калі падышоў да зборні. Зусім выпадкова пачуў. І ніколі, павер, ня думаў, што трапіцца так. Дзьве маладзіцы перагаворваліся…
— Дык што?
Волька злосна тузнула Сёмку за плячук.
— Ды яно, усё, бач, проста… Стаялі, кажу, кабеты і між сабою гутарылі… Аб Зосі, вядома. Я прыслухаўся. Вось адна й кажа другой: «Ехаў», кажа, мой сын праз Лужкі і бачыў, як Рыгор з Зосяю»… Ну, ты дагадаешся… Верыш, Волька?
Волька не знашлася што адказаць: стала тут-жа ніякавата за Зосю і за сябе. Не саромілася дагэтуль Сёмкі, а тут гэта пачуцьцё зразу аднекуль выпаўзла і кранула яе за сэрца. Мігам праляцелі ў Вольчынай галаве адрыўныя колкія думкі: «Ці-ж яно так? Калі гэта?» Брацца за Зосю — Волька ня сьмела. Не хапала адвагі прызнаць таварышчын паступак за звычайнасьць — таксама. Як тут лепш выйсьці з палажэньня? Сёмка прыяцель, а тота-ж гэтак застраміў, што няма як вывернуцца. А добра-б і Зосю абараніць і самой астацца сухой. Гэткія справы менш усяго патрабуюць абгавору. «Навошта такі