IX
ПЯТРОК НЕЧАКАНА ПРЫНЁС з сабою многа навін для сілцоўцаў: арышт Віктара Стаўбуна, Хаіма Крупніка, многалікія трухі па мястэчку, уладзіны ў Прыдатных з Берагамі, якія закончыліся поўным згаворам, і набліжэньне вясельля, рэдкага, знатнага, усё гэта дало ня мала гутаркі. Назаўтрае, прыступаючы да будніх клопатаў, сілцоўцы на ўсе лады абгаварвалі сьвежыя здарэньні, перашэптваліся, падкрашалі чутае сваімі выдумкамі, дадаткамі, дзівіліся аднаму, спагадалі другому. У гутарках адмячалася зацікаўленасьць да кожнага факту, ня гледзячы на тое ці іншае яго значэньне, не патураючы на яго дадатнасьць і адмоўнасьць. Адчувалася вядомае ажыўленьне, якое на некі час абяцала ўзьняць прыкарэлую плеўку буднічнай заскарузласьці ў клапатлівым жыцьці Сілцоў. У аблытаных, як павуціньнем, штодзеншчынай, у апушчаных у ліпкую бросьню цяжкага жыцьця, якое аднімала неміласэрна сілу, ды здароўе, адцінала інтарэс і наганяла нямоту, — нават у гэткіх падняліся языкі да гутаркі.
Чыя ўцеха, а чый сум, каму першае, а каму другое, — а хоць маласьцю чапала і адцягала на сябе ўвагу. Ужо даўно, як у Сілцох адбываліся арышты за політыку, гадоў пяць назад і — раптам зноў! чым-жа ня дзіва! А вясельле — калі так здаралася, каб яно завязвалася пад шумок, з рознымі гутаркамі, з цэлаю гісторыяй. Таксама гадоў тры, калі ня цэлых пяць назад. Але з тае прычыны, што вясельле было шмат уперадзе, арышт гастрэй адбіваўся на гутарках сілцоўцаў. Кожны, каго цешыла «правучэньне басякоў» і хто шкадаваў «небаракаў-хлопцаў», аднакава цікавіла — што-ж з імі зробяць? Ці выпусьцяць іх, ці не? Ці на іх кончыцца, ці мо шырэй разыдзецца гэта насланае на Сілцы? Помнілася ўсім, што арышты мінуўшых часоў канчаліся амаль не дзеля ўсіх арыштаваных высылкаю; хто-ж ручыць, што і на гэты раз іначай будзе? Бацькі, у якіх былі сталыя хлопцы-сыны, непакоіліся за іх лёс, а тыя, да каго Віктар прыходзіў гуляць і якія ведалі Хаіма Крупніка — а гэткіх было многа ў невялікім мястэчку, — тыя дрыжэлі і разам спагадалі хлопцам, пасылаючы розныя добрыя пажаданьні па іх адрасу. У вадных апаска за арыштаваных, а ў іншых задаваленьне ўзмацняліся тым больш, што халодную, дзе сядзелі дэмократы, строга абаранялі поліцэйскія стражнікі, і да іх ня пускалі нікога. А ў гэткіх умо-