Празрыстасьць бліскучага сонца і яркая зелень дзярэў, палітая яго праменьнем, асьляпілі Зосіны прыспаныя вочы; яна ўдвойчае працёрла іх рукавом кашулі ды пачала глядзець то на зелень, то на сонца.
На вуліцы чуўся крык дзяцей, перамешаны з нямоўчнымі піскамі пішчолак, зробленых з плюшніку. У чыстым сінім паветры вярцеліся матылькі, гулі авадні і восы, а на дзярэўцах весела і захлёбіста вычырыквалі рэзвыя птушкі.
— Трэба адзявацца, ды выходзіць на месца, — падагнала сама сябе Зося і хутка павярнула ў хату—
А праз гадзіну, ня больш, яна ўжо пасьпела памыцца, нарадзіцца і выйсьці на вуліцу.
З канца ў канец уся вуліца была запруджана людзьмі: бабы і мужыкі, дзяўчаты і хлопцы, падпаскі і дзеці — адзетыя па нядзельнаму, прымытыя, ахаеныя, весела сьпяшылі ў бок рынку: ішлі, гаманілі, сьмяяліся, гутарылі.
Недалёка ад рынку на левым баку вуліцы, калі іці к месту, стаяла Рыгорава старэнькая з трыма трохшыбнымі вакенцамі хата. Ідучы на рынак, Зося пайшла паўз самыя платы гародаў і прызбы хат. Калі яна параўнялася з Рыгораваю хатаю, то на момант спынілася і зазірнула ў акно; зазірнула і ёй паказалася, нібы сядзіць за сталом якісьці мужчына і чытае газэту.
«Няўжо то Рыгор», бліснула ў яе галаве радаснае пытаньне, і Зося памкнулася бліжэй падыйці к вакну, але раптам перадумала; ёй паказалася ня зусім ёмкім: вуліцаю праходзіла многа людзей, сваіх-жа аднавульцаў-суседзяў, якія ніколі нічога не прапусьцяць, каб не папазорыць у волю, а потым — а потым перамалоць на языку. З ёю ня раз ужо гэта траплялася, і Зося рашыла стрымацца і ісьці далей.
Прышоўшы на рынак, вялікі чатырохкантовы пляц, агароджаны кругом сьцяною будынкаў, абсаджаных высокімі старымі бярэзінамі, ясенямі і клёнамі, Зося накіравалася да крам. Рынак кішэў людзьмі: усе лаўкі і ганкі былі як мухамі аблеплены імі. Між напікаваных вазоў таўклося процьма дзяўчат і хлопцаў, між якімі рэдкімі адзінкамі прыкідаліся чыноўнікі з блішчастымі цэшкамі, вучні, вучыцелі і мястэчковыя інтэлігэнты. Зосю «Мікалаішку» зналі ня толькі ўсе Сілцы, — як яўрэі, так і мяшчане, а і многія дзяцюкі з бліжэйшых к Сілцом вёсак, дробныя хвальбаркоўцы і дваровыя служачыя. Пакуль яна пасьпела абыйсьці