дапытлівасьць, разузнаваньне, разьведы. Вечарамі і ўночы назначалася добраахвотная варта — пэўна пад рознымі выглядамі, каб ня даць западозрыць поліцыі. Наведвалі мацярок і бацькоў арыштаваных, ці ня ведама ім. Але і тыя нічога ня ведалі. Яны былі заняты організацыяй абароны сваіх дзяцей: бегалі заплаканымі ад аптэкара, лібэрала і ўплывовага чалавека, да адваката, які любіў часта заступацца за пакрыўджаных. Крупнікі зьбіралі грошы на залог, тармашылі рабіна, каб той даў падпіску ад цэлага кагалу. Стаўбуны стукаліся да мяшчанскага старасты. Усе ня кідалі надзеі выратаваць хлопцаў і ня пусьціць іх з мястэчка. Нават перад адпраўкаю разьнясьліся былі чуткі, што станавы перадумаў і згаджаецца аддаць арыштаваных на парукі. Чуткі ўлілі некую прасьветласьць у напружанае становішча ў мястэчку. Сёмка, Сроль, Пятрусь, — паддаліся таксама на фальшывыя чуткі і кожны па сабе перабывалі ў бацькоў арыштаваных таварышоў.
Але праз дзень надзейныя думкі разьвеяліся — арыштаваных адпраўлялі ў павет. Бацькі дазналіся аб гэтым першымі і з плачам разьнясьлі вестку па мястэчку. «Ці ты чу-ў-у? Усё-ткі іх вывозяць!» з вуснаў у вусны перадавалася агульнае зьдзіўленьне, настарожваючы сілцоўцаў і завучы іх на рынак, да прыстаўскага стану.
Ужо а восьмай гадзіне раніцы на рынку таўклося каля дзьвёх соцень народу. Стаялі расьсеянымі грамадкамі па ўсім пляцы. Гутарылі, распытвалі адны другіх; пераходзілі з месца на месца, перадаючы нясьціхана нарастаючыя тут-жа навіны. Ня спускалі вачэй з прыстаўскага дому. Калі па двары праходзіў стражнік ці паварочваўся вартаўнічы пры браме, натоўп сілцоўцаў прытойваўся, мярцьвеў на момант і сотнямі вачэй апалоскваў варожы стан. У кожным руху начальства западозрывалі ліхую думку, дзікі намер. Арыштаваныя ў гэты час знаходзіліся пад пільнаю аховаю, хоць не актыўнай, але моцнай, гранітнай сілы спагады ад сваіх суседзяў-сілцоўцаў. Яны гэта адчувалі і былі ў падвышным настроі — так перадавалі іх бацькі, калі хто распытваў іх аб самапачуцьці арыштаваных.
Аб гэтым ведалі Сёмка, Сроль, Пятрусь, якія самі пераймалі таварышаў настрой. Сустракаючыся на рынку ў людзях, яны мяняліся сваім пачуцьцем і здавольнена разыходзіліся — нельга было кідацца ў вочы начальству.