іх к браме. У стражнікаў былі голыя шаблі, якія блішчэлі ад сонца. Рэзвыя зайчыкі шмыганулі ў людзкі натоўп і раптам ізноў запалілі ў ім настрой. Дапамагалі прычыты бацькоў арыштаваных:
— Куды-ы вы павязяце-э нашых дзяцей! Дзе-эткі-ы мае-э!
Грамада ўзьюшылася і раптоўным крокам падалася ізноў наперад. Прагудзеў варожы шэпт. Коньнікі накіраваліся адціскаць. Ізноў пачуліся крыкі: «Асадзі-ы назад!» Але людзі ня слухалі — ухіляліся і напіралі. Раззлаваныя поліцыянты замахалі бізунамі, пагражаюча сталі насядаць на пярэдніх. Пад гэту суматню арыштаваных усадзілі на падводы, прыгатаваныя для іх загадзя.
І а другой гадзіне паполудні рушылі па шляху ў павет, пад аховаю траіх узброеных стражнікаў. Сілцоўцы напружана сачылі ўсьлед ім, спагадліва ківаючы галовамі і матаючы шапкамі і зычным, медным голасам шлючы ў дагон — «Скора вярнуцца!»
Арыштаваныя адказвалі выгукам:
— Няхай жыве свабода!
— Ці адчувае гэта Рыгор? — ідучы дамоў, сказаў Сёмка Пятрусю.
— Гэ, ён там жыве больш напружаным жыцьцём… — адказаў той.
Так, Рыгор жыў больш напружаным жыцьцём…