дзівасьці Міхасёвых слоў. Пільней за ўсіх паглядзела на Рыгора дзяўчына: аўторытэт Міхася казаў за многае.
Рыгор, нібы сумеўшыся ад Міхасёвых слоў, прыўстаў і зьлёгку пакланіўся ў бок таварышоў. Пасьля, ня думаючы, працягнуў дзяўчыне руку і шчыра, з запалам паціснуў:
— Рыгор Нязвычны!
Пэўна ён зрабіў-бы тое самае у з мужчынамі, у кожным разе ён падаў намер, але Артур пераняў яго сказам:
— Я ўжо пазнаёміў Нязвычнага з таварышамі.
Тады Рыгору асталося сесьці, што ён і зрабіў. І пакуль тыя, што прышлі, перакідаліся словамі з інтэлігентам, ён выкарыстаў час для гэткай перамоўкі з дзяўчынаю:
— Убачайце!
— Калі ласка…
— Цікава, які настрой на вашым заводзе?
Рыгор паправіў сядзеньне; быў рад, што яго запыталі.
— Як-бы вам сказаць, я ўсяго два дні папрацаваў і не пасьпеў акурат разьведаць, але наколькі мог прыслухацца да гутарак і сам пагутарыць — настрой баявы. Гэта мы мусім зараз падкрэсьліць. Другія ня цікавяцца, а я думаю — то будзе наша абмылка.
Ён памаўчаў:
— А вы, таварыш, на якім заводзе працуеце? І што кажуць у вас?
— Я з «Правадніка», — ахвотна адказала дзяўчына, а сама востра пранізвала яго сваімі цёмна-шэрымі вачмі.
— У нас рабочыя ня дрэнна настроены… На кожны кліч да забастоўкі адгукнуцца рашучым выступленьнем.
Яна з намерам унесла пропозыцыю:
— Давайце разам будзем праводзіць свае пытаньні. Га? Я — максымалістка…
— Латва — я таксама супроць меншавіцкай драбласьці…
Яны згоднай ухмылкай заключылі гутарку і момант памаўчалі, — таксама мэрам згаварыўшыся.
— А я, ведаеце, меў выпадак падсачыць настрой вёскі, — пахваліўся Рыгор.
— Так? Якім чынам?
— Выпрасіўся на пабыўку.