— Вы шчасьлівы; я вам завідую. А я, каб і магла паехаць, ды няма куды… Я…
Артур перабіў іх гутарку прызывам да ўвагі.
— Пачнем, таварышы…
Усе змоўклі, паправіліся на сядзёньні.
— Што-ж, як водзіцца, давайце старшыню выберам.
— Міхась! Тав. Камар!
— Так і бог вялеў, — падказала дзяўчына.
Міхась адказаў ухмылкаю і тут-жа прамовіў:
— Пасяджэньне адчыняю… Наша сходка прадстаўнікоў ад заводаў і прадстаўнікоў ад мясцовых організацый павінна вырашыць пытаньне, як і калі абвясьціць агульную забастоўку ў Рызе. Гэта пытаньне, думаю, зойме ў нас увесь вечар і іншых дадатных пытаньняў мы ставіць ня будзем.
— Не, не! — падмацавалі некалькі галасоў.
— Тады даю слова таварышу Якаву Гісу.
Усе маўчалі, а ўстаў чорны інтэлігент. Крыху памаўчаў, зьлёгку пахіліўшы лахматую бакунінскую голаў, як-бы выбіраючы словы для пачатку прамовы, кашлянуў, а пасьля пачаў казаць цьвёрдым, трошкі гаркавячы, тэнарком:
— Вы, таварышы, сышліся сёньнека на гэту сходку, каб вырашыць адпаведнейшае пытаньне, ці ёсьць сэнс і ці тэрмінова зараз абвяшчаць агульную забастоўку. Зараз мы перажываем вельмі і вельмі рашучы момант! Царскае правіцельства кідае пярчатку працоўнаму народу і ўсяму лепшаму грамадзянству, якое падае свой голас протэсту супроціў пануючага гвалту… Хутка разыграецца крывавая комэдыя-суд над бальтыцкімі матросамі… Ім ужо царскія каты згатовілі свой люты прыгавор… Мы павінны адгукнуцца на гэты замах палачоў рашучым выступленьнем — забастоўкаю… Мы гэта зможам зрабіць, бо адпаведны настрой у рабочых ёсьць. Ён ужо прарываецца на поверх: як вам вядома, ужо доўга бастуюць перапёкі, спыніўся завод кампаній электрычнасьці… Калі мы ня сумеем узяць руху ў свае рукі, ён абміне нас і разьвінецца стыхійна сам сабою…
Прамоўца далей датыркнуўся ў сваёй рэчы дарагоўлі, што дало прычыну для дробных забастовак рамесьнікаў, чапіў таго ўздыму, які ахапіў розныя куткі прамысловай Расіі; пасьля перашоў да заграніцы; даўшы агульны агляд рабочага руху і політычнага жыцьця другіх краін.