Каля дзесяці хвілін прагаварыў, зацішыўшы хаду… І з нутра яшчэ ўсё набягалі словы, як нехта выпіраў іх сілаю, але ён сумысьня прымоўк, каб запытаць яе.
— Даруйце, вы маё імя ведаеце, а самі — як тая незнакомка. Мне ніякава бяз гэтага. Вось ужо мы болей пяці гадзін знаёмы, а я… Няўжо нам ня ўдасца больш стрэцца?
Яны падыходзілі да Вэрманаўскага парку; цёмнаю сьцяною паднімаліся старыя дрэвы, навісаючы над вуліцаю.
— Мне здаецца, што… вы з далікатнасьці…
— Вы сараматніца вялікая, як я бачу. Не чакаў, прызнацца, у вашым палажэньні…
І ен узяў дзяўчыну пад руку.
— Мы перш усяго — таварышы. Праўда, таварыш?..
— Таварыш Наталя.
Яны ўвашлі ў парк. Насустрач прашло некалькі чалавек; у бакох чуўся дзявочы сьмех. З галоўнае алеі павярнулі на бакавую. Каля лаўкі спыніліся.
— Вы любіце зелень? — запытаў Рыгор.
— Так: люблю поле, лес, кожны кусьцік. Вельмі люблю; занудзела па іх і рвуся, рвуся… Ды бескарысна: няма куды і няма за вошта ехаць. Паверыце, я яшчэ ня была гэтым летам на ўзмор’і.
— Я таксама быў усяго раз, хоць і мог-бы… Са мною іншае — я ня маю з кім.
— Вы праўду кажаце?
— Праўду, праўду… Хачаце, паедзем з вамі?
— Што-ж, я з ахвотаю…
Абое замаўчалі, думаючы.
Раздумы аднялі некалькі доўгіх хвілін.
— Што вы маўчыцё? Над чым задумаліся, таварыш Нязвычны? Я памяшала якомусь вашаму пляну? Вы хацелі ісьці куды, зачым? — скорамоўна кінула чатыры пытаньні Наталя.
І тон у яе голасе быў зусім ня выбачны.
— Кіньце, кіньце, я пры вас — толькі аб вас думаю. Я рад, нарэшце, што напаткаў сабе добрага таварыша. А то больш часу я адзін ды адзін. Хоць падзяліцца будзе з кім сваімі перажываньнямі… Бачыце, што дзень — іх болей ды болей надыходзіць. Стачка! Колькі навін яна прынясе!
— Вы думаеце пра забастоўку?