— Убачайце!
— Нічога, не зацісьнеце.
Наталя засьмяялася і з яе ўхмылкі выбліснулі іскаркі прагавітага пачуцьця ды цёплай ласкі. Рыгор паглядзеў ёй у вочы — яны таілі ў сабе многа агню.
— Дык паедзем?
— А вы перадумалі?
— Каб ня было позна.
— Вы вінаваты, Наталя.
— Вінавата — не адказваюся. Усё роўна справы не паправіць.
— Дык едзем… А калі пазьней вернемся?
— Гэта мяне ня смуціць.
Рыгор прыўстаў. Наталя сьледам за ім.
Перад білетнымі касамі ціснулася процьма людзей: наплыў ахвотнікаў ехаць на ўзмор’е быў тысячны. Духата і пыл гарадзкіх вуліц гналі людзей у поле, к мору, на чыстае паветра. Раз у тыдзень адпачынак. Хто разумеў яго каштоўнасьць — стараўся выкарыстаць як найпаўней.
Яны бачылі больш усяго буржуазнай моладзі — гладкіх, чырвонашчокіх гімназістак у рудых, у сініх, у чырвоных кароценькіх сукенках, з белымі каўнерыкамі, з косамі; стройных, жыцьцярадых гімназістаў, больш у спортсмэнскіх гарнітурах, з сетачкамі для туляньня ў лапту, з шкуранымі апукамі для футболу. Многія з гімназістаў адпраўляліся разам з бацькамі, поўнымі, брытымі, у манішках і капялюхох мужчынамі, у шаўкавых блузах, з залатымі ланцужкамі па пояс, з брасьлетамі на выпешчаных руках мацеркамі… Зусім мала можна было бачыць прасьцейшай, мяшчанскай або рабочай публікі. Але пападалася і яна.
Рыгор стаў у чаргу і хвілін праз дзесяць дастаў білеты. Разам з іншымі вышлі на пэрон і захапілі яшчэ не перапоўнены цягнік.
— Я, прызнацца, рэдкі буду госьць на ўзмор’і.
— Я таксама даўно-даўно як была там.
І калі крануўся цягнік, абое — Рыгор і Наталя — нязьмігутна сачылі ў акно. У гэткім стане ня прымецілі, як апынуліся на месцы. Рыгор з Наталяю пратаўхаліся натаўпам, завярнулі направа, сьледам за іншымі. Хутка яны ачуліся на ўзьбярэжжы Рыскае затокі. Якое дзіўнае зьявішча! Што за прыгожасьць! Міжвольна захапіла іх вадзяная шыр, лёгкае, п’янае паветра і гулкі, сьвятошны настрой многасотнай публікі. Здавалася, у