Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/351

Гэта старонка не была вычытаная

«лілася ракою» ў вогненна-празрыстай Марерсэльезе, натхніўся веліччу вобразу і ціха завёў на вуха Наталі: «І ўзы-ыд-зе-э за крыва-ваю ра-ко-о-ю сонца-а праў-ды і-і братняй любві-і».

Наталя ў асалодзе здрыганулася:

— Во-во-во! Як удачліва вы давялі! — пахваліла яна.

— Сапраўды?

Ён нахіліўся да яе і кінуў у вочы дзяўчыне замілаваным узрокам. Надыходзіў адвячорак. Стала адчувацца вільгаць. Публікі меншала; але паўнелі курзал, рундучкі.

Рыгор з Наталяю завярнулі ў бліжэйшы рэсторанчык.


VIII

ПРЫШОЎШЫ НА КВАТЭРУ, Рыгор даведаўся, што ў яго ўвесь дзень ня было нікога. Не наведвала і Ганна. Даля яе было-б занадта нявытрыманым прыйсьці да Рыгора так хутка, пасьля пакінутай яму цыдулькі. Не са спакойнаю-ж душою пісала яе дзяўчына! Ганне трэба было перадумаць, вымеркаваць, разьлічыць усе ўмовы і скуткі, каб рашыцца на яе. Пэўна, пасьля гэтага яна не пасьмела-б пісаць папроку Рыгору, каб раптоўная злосьць, абурыўшы яе пры словах Вільгэльміны — «Рыгора няма ў дому», ня вымусілі на гэта.

Ганна доўга абдумоўвала перажытае ёю пры спатканьні з Рыгорам. Падыходзіла яна да гэтага з розных мотываў: лічыла злачыньнем з боку Рыгора і празывала слабасьцю з свайго боку. Абедзьве дагадкі прыгняталі яе, нэрвавалі. Тады яна настойна шукала тых прычын, якія-б апраўдвалі тое, што яна зрабіла; з гэнай мэтаю Ганна старанна імкнулася прайсьці ў Рыгораву душу і адгадаць яго тайны. Перабірала, седзячы ў пакоі аднэю, кожную падрабязговасьць пры спатканьні з ім, дапамінала тэмы гутарак праз усю дарогу, асобныя сказы; аднаўляла дзесяткі разоў вобраз Рыгора, выгляд яго вачэй, міну твару, ухмылку на губах. Усюды было чыста, незаплямена. Нельга было прычапіцца да хлопца. Няўжо так? Хацела не паверыць, але не хапала сьмеласьці прышчапіць да сэрца хвальшывае пачуцьцё. Аставалася вінаваціць самую сябе; Рыгорава істота пайграла на яе душы?! Не без таго. «Рыгор падкупіў мяне сваёю натураю. Гэты бялявы твар, як з мармуру, глыбокі узрок вачэй, высокі лоб пад капяжом густых кос. Гэта цёплая, ласкавая ўхмылка з характэрнымі рыскамі на шчаках. Узмахі рукі, пружыністыя, ка-