— То-та і ёсьць! Ці-ж яны спацьмуць! Дзе ты бачыў! Сачаць — працуе і іх розум, — сказаў сярэдніх гадоў мужчына, з францускаю бародкаю.
— Ну, як сабе хоча ўсё, але дэманстрацыю правялі. Ведаеце, міжвольна пойдзеш на ўсё пасьля гэткае прамовы. Да чаго складна гаворыць… Ні ты, Пракоп, часамі ня ведаеш, хто ён такі? — ваткнуў трэці.
— З сьлясарнага цэху, — адказаў рыжы.
Рыгору стала няёмка: ану-ж угледзяць і засаромеюцца за свае словы. Усё-ж тое, што пра яго ішла гутарка — лісьціла яму. Не даючы выгляду, што рэч ідзе аб ім, Рыгор кончыў абед і намерыўся сам увайсьці ў гутарку.
— А вот учарашняе — я ізноў да дэмонстрацыі, — казаў мужчына з францускаю бародкаю: — ня так павінна было-б скончыцца.
— А як? — перабіў Рыгор.
— Як? — той пільна ўгледзеўся ў Рыгораў твар, памаўчаў крыху і мякчэй адказаў:
— Мякка абышліся з гэтымі цюцькамі. Трэ’ было ўсім хапіцца за каменьні. А то стрэліў адзін і пачалі разьбягацца.
— А як-жа іначай? Сталі адбівацца — стралялі-б усе. Крыві пралілося-б за няма нішто…
— Як за няма нішто? — хапіўся рыжы: — за нашу свабоду… Бач, крыві баіцца. Лілі-ж дагэтуль — і надалей не застрахаваны.
— Пэўна…
— Тота-ж…
Рыжы прыгледзеўся на Рыгора і запытаў:
— Ці я абмыляюся, ці не, — здаецца, гэта ты ўчора казаў прамову?
Усе ўтраіх бессаромна абярнулі ўзрокі на Рыгора.
— Я таксама прыкмеціў, але не асьмельваўся казаць, — дадаў мужчына з францускаю бародкаю.
Рыгор засьмяяўся і прызнаў сябе за ўчарашняга прамоўцу.
— Маладзец, добра гаворыш, — пахвалілі ў адзін голас двое рабочых.
— Так, завідна, — прыбавіў трэці.
І калі Рыгор адчыніў губы, каб адказаць ім, з суседняга століка адвярнуўся да іх стары худашчавы дзядок і ў паўголаса праказаў: