— Такі ты праўлу, Тадоська, кажаш, шчырую праўду, галубка, — згодліва матаючы галавою, падтрымала Тадосю Хлёрыха.
— Дык я-ж кажу, — ахватней пацягнула сваю гутарку Тадося: — я некалькі раз ужо набівалася к Васільку з гэтымі думкамі, але ён і слухаць не хацеў. «Рана яшчэ, маці, пасьпею яшчэ, родная», — толькі і чула ад яго. Ня ведаю, ці не хацеў ён, ці мо’ пужаўся чагось — хто яго ведае. Грошы, прызнацца, у нас пад рукамі заўсёды ёсьць; якое хоцькі вясельле можна справіць… Пазьней — раней — мне ўсёроўна, абы здаровай дачакацца гэтага. Ой, мой, ты, Хлёрык, мая Юстынка, вы ня можаце сабе ўявіць, як я зарадавалася, калі толькі пачула згоду, — Васілёву згоду, на жаніцьбу; быццам мне хтось акно адчыніў у новы нязнаны і няведамы мне сьвет — я ўся так і абмерла ад радасьці. Балазе ён згодзен. Ды… чаго-ж чакаць? дакуль чакаць? У любы дзень заходзь да нас, захвацім з сабою кварту гарэлкі і проста да Прыдатных. Аб пасагу — не ўспамінай, чорт з ім, у нас хваціць свайго дабра.
Васіль моўчкі слухаў размову мацеры і нясьціханна мерыў узрокамі то дзядзьку Хлёра, то дзядзіну Юстыну. Хоць ён сам згадзіўся на сваты, хоць нядумана перадаў сваю згоду на жаніцьбу, але ўсё гэта было зусім нечаканым, зусім неспадзяваным і ад гэтага неспадзеўку пачыналі ў галаве віцца нейкія нявыразныя туманыыя думкі, якія заўсёды прылятаюць тады, калі іх чалавек не чакае. Жаніцьба, здэцца, зусім простая і звычайная рэч, якую пры жыцьці прыходзіцца бачыць сотні разоў і якая трапляецца траха ня з кожным чалавекам; і з ім, Васілём, раней, ці пазьней трапілася-б яна, а тота-ж, калі падыйшоў тэрмін, то мэрам-бы і перапалохаў яго не на жарты. І хочацца, і колецца.
Гэткае пачуцьцё напоўніла яго істоту. Хацелася затым, што ён, Васіль, біў на гонар, ішоў наперакор Рыгору, ня хочучы папусьціцца Зосяю Мікалаішкай, якая адна, па яго думцы, толькі і падходзіць яму ў жонкі. Калолася-ж ад таго, што з жаніцьбаю зусім перайначваецца жыцьцё: чалавек робіцца гаспадаром, і прыкоўвае сябе к хаце, к усяму таму, што ў ёй; сьвет, гульня, вольнасьць, бясклапотнасьць, — ўсё хаваецца, уцякае кудысь ад цябе. А ён-жа, Васіль, усё такі яшчэ хлопец малады, мог-бы сьмела гадоў з два пагуляць дзяцюком.
Адчуваючы гэта так выразна, як добрае люстэрка адбівае твар таго, хто ў яго глядзіцца Васіль, аднак, пакарыўся хаценьню,