Ганна злосна паглядзела на Рыгора і павярнула да дзьвярэй…
Рыгор перапыніў:
— Куды ты, Ганна! Што з табою?
Але яна маланкаю вылецела з пакою, зачыніўшы за сабою дзьверы.
V
— ЦУДНАЯ ДЗЯЎЧЫНА! — разьвёў рукамі.
— Што ты зрабіў ёй?
— Эх, не разумее жыцьця. А настаўніца! Гарадзкая, да таго.
— Ты пакрыўдзіў яе?
— У вашага брата іншага не дажджэшся.
— Чаму?
— Бачыш, кідай усё: і эмаганьне, і агульныя інтарэсы, усё на сьвеце, а аддайся цалкам ёй.
Наталя скрыла ўхмылку і праглівым узрокам уставілася ў вочы.
— Вой, глядзі, ня тое!
— Будзь інакшаю…
Ён захадзіў па пакоі, ня ў сілах супярэчыць нахлынуўшым думкам. «Сапраўды, чаму-б мне асьцярожней не падыйсьці да яе? Чаму-б мне не перапрасіць яе? Ах, натура ўжо мая — напралом, ці трэба ці не. Пакрыўдзіў дзяўчыну! Трэба перапрасіць, абавязкова трэба перапрасіць»…
І ўжо быў спыніўся на гэтым, як раптам усумніўся: «Перапрасіць! У чым? Зьнізіцца да будзёншчыны? Ласьне яна зразумее маю ласкавасьць? Што я, дзеля гэткай мяшчанкі! Праступнік, бунтаўшчык — ня болей. Не! Я не паддамся на гэта»…
Рыгор утаропіўся ў адну кропку на сьцяне і стаяў нярухома. Наталя колькі хвілін сачыла за ім, пасьля раптам павярнулася і ў голас праказала:
— Рыгор! Таварыш Нязвычны! Ты ня рад майму прыходу?
Рыгор памкнуўся адказаць, але спыніўся.
— Чаго ты маўчыш? Сядзьма, Рыгор!
Пакарыўся — селі.