Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/379

Гэта старонка не была вычытаная

І вось адным днём распаленае паветра сыпнула агнём трывогі. Над багатымі кварталамі шумлівага гораду распласталася здань рабочага паўстаньня. Што прынясе яно бесклапотным багацеям? Рупліва заварочаліся на мяккіх крэслах фабрыканты і заводчыкі, грашавікі і губарнатар, дамаўласьнікі і вышэйшыя чыны адміністрацыі. Зашамалі губамі гандляры і мяшчане. Што-ж такі будзе далей?

Калі баставалі перапёкі і электрыкі, а поліцыя ўпарта змагалася з імі праз арышты, гаспадары — праз разьлічэньне з работы, гарэла надзея перамогі над бунтаўшчыкамі. «А вось не падтрымаюць іх рабочыя іншых заводаў. Па адным чалавеку пераловяць разбойнікаў і надоўга закажуць, як весьці сябе». На кожнае паведамленьне аб арышце — тыкалі пальцамі і ліхамысна ўсьміхаліся: «Так іх, галубчыкаў!» Але, як толькі тыя-ж газэты буйнымі літарамі на першых старонках адмецілі пачатак агульнае забастоўкі, бадзёрыя выгукі прымоўклі. У багатых магазынах, у канторах і банках, у рэсторанах і дома, купцы, папы, дырэктары, і загадчыкі, паны і пані падозрана азіраліся адны на другіх, на вокны і на дзьверы, прыслухваліся да стуку і крыку і палахліва паглядалі, вышаўшы на вуліцу, у бок прыгарадаў, у бок Наддзьвіньня, уздоўж Мітаўскае чыгункі, ці ня дымяцца коміны, ці ня чуваць рэвалюцыйных песьняў і стрэлаў паўстанцкіх… У канцы вуліц, якія вялі да рабочых раёнаў, прагліва ўзіраліся баязьлівыя вочы, чакаючы варужных дэмонстрацый. Дзе праходзіла двое-трое рабочых, на іх глядзелі натрывожаныя буржуі, старонячыся ўбок, іх праводзілі падазронымі ўзрокамі гарадавікі, сачылі пераадзетыя шпегі. На вечар узмацнялася варта, выстаўлялі патрулі, а ў кватэрах багацеяў шчыльна запіраліся дзьверы і аканіцы. Насіліся сумліўныя охі і ўздыхі: «Ох, ох! да чаго толькі дойдзе. Так разбазырыла чэрня! Ні начальства, ні бога нямашака. Поліцыя вінавата — трэба-ж было гэтак народ распусьпіць… А цяпер — і ні рады!»

А па Наддзьвіньню і ў іншых рабочых раёнах забастоўка выяўлялася ў яскравым заміраньні працы, у ўрачыстым, разьюшаным руху каля нярухомых заводаў і фабрык, каля ціхіх рабочых домікаў. Кучкамі, большымі і меншымі, па двое хадзілі рабочыя між высокіх сьцен заводу, па глухіх, крывых вуліцах і перавулках; гутарылі на тэму дня, радзіліся, сыходзіліся і распачыналі маніфэстацыі. Юнакі выкідалі чырвоныя сьцягі, пяялі