падмалёванаму ўгаворамі мацеры і раптам, адкінуўшы ўсё сумненьне, рашуча казаў:
— Дык, ну, дзядзька Хлёр, так і быць. Пойдзем у аўторак да Прыдатных.
— Няўжо ты ня кпіш? — захацеў яшчэ раз ўпэўніцца Хлёр.
— Калі кажу, то ня кплю, — так сур’ёзна і цьвёрда заверыў Васіль, што Хлёр ужо болей не хацеў і гаварыць аб гэтым.
За гутаркай яны і ня прыкмецілі, як падкраўся змрок і ў хаце пачало цямнець.
Выпадкам кінуўшы ўзрок у акно, Хлёр ажно жахнуўся і голасна праказаў:
— Вось загаварыліся, дык загаварыліся. Гэта-ж ужо вечар на вуліцы, зірнеце, адно.
Усе паглядзелі ў акно.
Хлёр падняўся з лаўкі, пастаяў з хвілінку, потым абярнуўся да жонкі:
— Хадзем, нябога, да гасподы, а то там дзеці прачакаюцца.
Яны павярнулі к дзьвярам і скора схаваліся за імі.
Васіль прайшоў за дзядзькамі на двор, разьвітаўся з імі на ганку, пажадаў усяго лепшага і вярнуўся ў хату.
— А ведаеце, маці, што? — загаманіў Васіль да мацеры: — а я такі не на жарты надумаў папробаваць пасватацца да Мікалаішкі… Але…
Васіль няўверана паківаў галавою:
— Няведама ці выйдзе што, ці не. Ці захочуць яны за мяне выдаць Зосю?
— Ой, ой, які ты дзіўны! — не даючы сыну скончыць, перабіла яго Тадося: — і што ты ўшалопаў сабе? Прыдатны не аддасьць за ця-а-бе-э дачкі? Ці-ж не пара? Альбо каго лепшага яны нойдуць? Хай яшчэ падзякуюць богу, што мы цябе згодны жаніць з ёю. Ой, сынку, клапаціцца аб гэтым няма чаго. А калі што і закапырсьціцца — плюнь і ўсё: у мястэчку дзяўчат даволі, любая пойдзе — адно заікніся.
— О, не, ня ў гэтым справа! Тут рэч не ў жаніцьбе, а ў Зосі. Калі жаніцца — то толькі з Зосяй.
— Э, ды, пакінь, пакінь ты. А Луцэя Сымонава чымсь вадзіць? А Гануля Пранукова? Дзяўчаты, пане мой, што твая вярэя: здаровыя, гладкія, работніцы — ажно палюбавацца. Ды і бацькі іх усе са знатнага роду: гэта-ж яшчэ іх дзяды былі войтамі.