Васіль на гэта нічога не адказаў: яму зусім ня думалася аб ком-небудзь іншым, акром Зосі: хоць-бы яна была ня толькі што дачка Прыдатных, а панская служка і то-б ён ні на нікога не памяняў яе: тут асабовы падыход.
— «Эх, эх, ну што ты, маці, гаворыш. Табе зусім няведамы мае думкі і пачуцьцё. Табою кіруюць твае рашчоты» — думаў ён, тупаючы па хаце, ды пазіраючы ў акно.
— Чуй, маці, — спыніўшыся пры печы вымавіў Васіль: — я рашыў на тым, што яшчэ гадоў са тры ня буду жаніцца, калі толькі Мікалаішка ня згодзіцца выйсьці за мяне.
— Тадосю гэта азадачыла і яна перш намерылася кінуцца на ўгаворы сына, але, убачыўшы з якім настроем і з якою цьвёрдасьцю той праказаў сваё рашэньне, згадзілася ляпей змаўчаць, чымсь уздымаць гутарку. Праўда, ёй трошкі неяк прыкра стала, што сын упорна задумаў пастанавіць на сваём, што, па яе меркаваньню, ён многа абмыляецца, думаючы так, але, добра ведаючы, што ня ў сілах пахіліць яго ў свой бок, толькі недавольна кіўнула галавою…
— Можа вячэраць думаеш, сынку? Я дастану табе чаго-небудзь? — запытала Васіля маці пасьля мінутнага змоўку.
— А такі і дайце чаго, а то захацелася есьці… спаць то яшчэ ня думаю, — адказаў Васіль.
— Думаеш ісьці куды?
— Але.
— А куды-ж пойдзеш?
— Ды вось, на вуліцу выйду; прайду да рынку і вярнуся. Заўтра-ж сьвята — можна і больш паспаць…
— Ды чаго, пакінь.
Але Васіль мацеры і ў гэтым не паслухаў: кончыўшы вячэру, ён барджэй вылез з-за стала, апрануў чысьцейшую жукетку, узяў у рукі трасьцінку і, пасьвістваючы, вышаў на вуліцу.
Пагода стаяла добрая: была нярухомая, зачарованая ціш: быццам-бы хтось загаварыў усё: ні зыку, ні голасу было ня чуваць. Толькі булькаценьне невялічкай рэчкі ў каменьнях у залому яе з горкі, даносілася да Васілёвых вушэй.
Зірунўшы на неба, дзе міргалі нязьлічанай лічбы і ўсякіх памераў зоры, ён меркаваў, што на заўтрае пагода павінна быць цёплая і ясная і, задаволены гэтым, пашоў к вуліцы пад гору. Ціхімі ўпэўненымі крокамі, раздумляючы і разважаючы сам сябе, Васіль няпрыкметна ўзышоў на ўзгорак пры Цішкавай хаце, пра-