жыцьця забастоўка… Хвіліна-за-хвілінаю паднімалася ў ім усё гастрэйшае жаданьне, усё большы пэнт — бачыцца! Стукаў у дзьверы іх камэры вартаўнічы — Рыгор настарожваўся, прыслухоўваўся. Абы лёгкі шораг ноччу, шам — прачынаўся, паднімаў голаў, глядзеў у бок дзьвярэй. На чацьвертую ноч сасьніў Наталю. Перажыў со-сну прыемныя хвіліны ласкі і яшчэ больш задумаўся.
Адзін раз, думаючы пра Наталю, дапусьціў, ці нельга было-б яе папрасіць, каб яна пераслала мацеры пяць рублёў. Гэта зрабіла-б уражаньне, нібы з ім, Рыгорам, нічога ня здарылася, і заспакоіла-б мацеру. Самому-б лягчэй стала.
Нарастала момантамі многа бягучых, настраёвых пытаньняў. І кожнае з іх далікатна, залюбована Рыгор занатоўваў на паперы; пасьля мяняў іх рэдакцыю, перастаўляў чаргою, падвострываў і затупляў выразнасьць кожнага з іх.
К канцу тыдня Рыгор ужо не адмячаў рубяжу, дзе канчалася жаданьне і дзе пачыналася вера, ён стараўся заверыць сябе, пераканаць, што Наталя прыдзе. Ні баязьлівасьці за цэласьць яе, ні спачуваньня ёй не знаходзілі месца ў яго нутры. Ня цікавіла, як і што пройдзе, якім шляхам дастукаецца спатканьня… Ня лічыўся ні з якімі перашкодамі.
Але мінула яшчэ некалькі дзён — і Наталя ня прыходзіла. Тады ў загартаваны ком веры, напаўняўшы яго нутро, пачалі пранікаць тонкія голачкі сумненьня, ужо новага, інакшага, чым было раней, падмацаванага другімі мотывамі і дагадкамі. «Забастоўшчыкі ахоплены абурэньнем; усё болей выпадкаў сутычак з поліцыяй; апошняя зьлее і зьлее, страляючы ў рабочых; арышты і трухі ня спыняюцца. Як тут уцалець гэтай гарачай галаве — Наталі?
Чацьвер, чатырнаццаты дзень няволі, Рыгор стрэў сумным і маркотным, — дашлі чуткі, што забастоўка кончылася перамогаю над рабочымі. Гаспадары ўзялі верх, маглі і на гэты раз панаваць. Многія з іх, на зло рабочым, зачынілі фабрыкі і заводы, каб пакараць голадам, каб правучыць іх надалей. Да чаго давядзе гэта пераможаных? Якія падонкі астануцца ў іх на душы пасьля напружанай гэроічнай барацьбы? На сваіх уласных перажываў Рыгор чужыя настроі, але ўверана глядзеў у наступнае.