А дванаццатай гадзіне рашыў ня ісьці на прагулку — заявіў таварышам. І калі тыя пакінулі яго адным, Рыгор некі час пасядзеў бяздумна, як у трансе, як у нірване; пасьля падняўся з ложка і хапіўся думкамі за скончаную забастоўку, каб праверыць яе значнасьць, яе вынікі. Прадставіў вобраз дэмонстрацыі, і задаволіўся, ажно павесялеў, зарухаўся, абмыў твар ухмылкаю.
Уголас, каб было мацней, каб глыбей зашло ў сэрца, казаў сам сабе: «Забастоўка ўсё-ж паказала магутную сілу солідарнасьці, якая жыве сярод працаўнікоў. Забастоўка адзначыла, што між намі, працаўнікамі, і матросамі, салдатамі — непарыўная сувязь. Чуласьць да аховы свае, рабочае, клясавае самотнасьці выявілася надзвычайна выпукла ў цягу забастоўкі. Як-ні-як, а горад, нават цэлы край, тыднямі быў прыкаваны да аколіц Рыгі. Забастоўка пралягала чырвонаю ніткаю праз гарадзкое жыцьцё, клапоты, думкі, чаканьні… А я памог ёй зьдзейсьніцца, можа нават пасобіў абвастрыць яе разьвіцьцё — ці-ж таго мала?»
Пэўна, было хоць ня шмат, але досі. І тое, што было досі паложана ім працы на забастоўку, узьняло Рыгорава пачуцьцё. Ён пазбыўся будзённых клапот, усяго таго, што акольвае ў няволі, у сьценах; ускрыліў і панёсься выабражэньнем ва ўсе канцы зямлі; захацелася гутарыць, гутарыць.
«Прыдуць таварышы — тады пагутару».
Раптам стукнулі ў дзьверы.
Рыгор падбег:
— Хто? чаго? — запытаў.
— Нязвычны! — знаёмы голас вартаўніка.
Рыгор спыніўся, сышоўшыся ўсёю істотаю на думцы-чаканьні: «У чым справа? Наталя?»
— Я! — адазваўся.
— Проша ў кантору.
Маленькае сумненьне затульвала яскравасьць надзеі.
— Іду!
Рыгор машынальна вышаў з камэры, ня чуў, як бразнулі дзьверы, не заўважыў, калі прашоў паўз таварышаў, якія вярталіся чарадою з прагулкі.
— Хто патрабуе?
Вартаўнік памаўчаў.