— Га?
— Угледзіце.
На заломе калідору, кінуўшы ўсьцяж яго ўзрокам, Рыгор улавіў фігуру, што стаяла пры дзьверах, каля выйсьця, за нявысокім парканам… жанчына. «Пэўна, Наталя». Яе вобраз аформіўся ў рэальнасьць, устаўшы выразна перад яго вачмі. Ён ішоў, а Наталя адыходзіла, нярухома, недасяжна і падцягала за сабою Рыгора. Чуў, як траціў волю над сабою, як дваіўся на часткі, мякчэў.
Нарэшце — падышоў. Радасная ўхмылка Наталі разьвеяла яго ўражлівасьць, дала апамятацца.
Вартаўнічы стаў на воддалі пяці крокаў.
— Дваццаць хвілін часу, — і адвярнуўся ў бок, каб не перашкодзіць.
Рыгор пацалункам прывітаўся з Наталяю і адрыўнымі сказамі, перабоямі думак пачаў гутарыць з ёю. Пра кніжку, куды запісваў тэмы для гутаркі з ёю, забыў. Куды там да сыстэмы!
Пачуцьцё напірала, а сам баяўся за кароткі тэрмін, каб чаго не забыць. Нэрваваўся і падганяў гутарку.
— Нам мала часу, а гутаркі колькі!
Трымаўся за яе руку, паклаўшы сваю на білу.
Я ня буду пытацца, як ты дабілася сюды, колькі патраціла на гэта часу, сілы… Наталя… Ці ня была ты на маёй кватэры?.. Але, што я? Навошта мне ўсё гэта… Скажы наперад, так і прайгралі забастоўку? Ах, падумаць! Столькі асталося людзей без работы… Ну, а ты? Пакуль спакойна, уцалела? Як там Міхась, Артур… Помніш таго кудравага чорнага інтэлігента? Сядзіць са мною разам… Вось скажы, як-бы гэта, каб ты была добраю ды… Але, што там казаць…
— Кажы, кажы, — Наталя сачыла за вартаўнічым…
— Я хацеў мацеры паслаць рублёў пяць… Сілцы, — Рыгор панізіў голас: — толькі ці варт; выйду-ж, пэўна, неўзабаве — тады ўладзім… А ці пісаць мацеры?
— Маўчы, ня варт — абурыш… Няхай думае, што з табою тут — нічога. Я пашлю ёй, маю грошы.
— Не, Наталя, можа…
— Нічога…
— Ты ведаеш, я чуў нутром, што ты прыдзеш, я быў запэўнены, завераны. І толькі мяне пазвалі, як…