Гірш пастаяў з хвілінку моўчкі, а далей запытаў:
— А сын як? Ня піша нічога?
За гэта Стэпа даравала Гіршу сваё разувер’е. Падбегла да акна.
— Гіршык, дарагі, сама ня ведаю, што рабіць — ня піша.
— Кепска. У Рызе непакой… То прыдзеш?
— Прыду… Непакой?
Апусьціла рукі — забыла пра пісьмо; дзе яно прыдзе?
Цэлы дзень хадзіла па рынку, распытвала знаёмых, ці ня чулі чаго пра яе Рыгора? Мо’ хто вычытаў з газэт, мо’ каму знаёмы перадаў у пісьме.
Нічога не дазналася. Бегала да Сёмкі, да Пятруся — тыя суцяшалі Стэпу звычайнымі, ёй вядомымі выразамі-ўгаворамі — не паверыла.
А ў бліжэйшыя дні не глядзела ў акно, не пільнавала паштальёна. Нават у сераду, вярнуўшыся з работы, не пацікавілася паглядзець у сенцах каля поду — ня было веры. Зашла ў хату, патужыла-патужыла і намерылася лажыцца, як хтось пастукаў у дзьверы. Настаражылася, стукнула думка: паштальён. Выбегла, адсунула засоўку.
— Цётка!
— Чаго, Сёмачка?
— Што піша Рыгор?
Ашаламілася старая.
— Як?!! Чаму?!
— А ласьне паштальён нічога ня прынёс? Наш хлопец казаў, нібы бачыў, як прыходзіў да вас паштальён.
Стэпа пакінула Сёмку і пабегла ў хату. Мігам вярнулася з газоўкаю і пільна, трапятко пачала азіраць пад подам, у ручаі жарон. Сёмка чакаў. Пасьля пераступіў парог і паткнуўся к поду. Паглядзеў і весела паведаміў, угледзеўшы каля жоран шэры конвэрт:
— А вось, бачыце.
Стэпа выраніла газоўку.
— Няўжо-о, Сёмачка? Ох!
Некі час памаўчалі.
Пасьля абмацалі газоўку і пашлі ў хату. Стэпа знашла запалкі, засьвяціла агонь. Села пры стале і бязмоўна, сышоў-