— Гаварыць у кампаніі — мы многае гаварылі; але тое для ўсіх можна. А ёсьць і іншае, чаго ня варта, каб другія ведалі.
Волька з цікавасьцю запытала:
— А што?
— Нічога такога, каб надзвычайнага, але ўсё-ж цікавае: Рыгор пасылае Зосі ўклон. Бачыш — не забывае. Ты перадай ёй — гэта важна.
— Ну, а апроч уклону Рыгор нічога ня піша?
— Ці-ж ты ня чула, як я казаў?
— Чула, чаму не, ды ці ўсё-ж усім расказваць?
— Не, болей нічога асабістага… ды сам уклон многае значыць.
Волька памаўчала.
— Гэта адна далікатнасьць — ня болей…
— Што ты!
— Пэўна. Да чаго Рыгору Зося, калі ён мае там Ганну? Кінуў, а цяпер — хай сабе з Зосяю што хоць чаўпецца…
— Чаму?
— А таму: Рыгору ні холадна, ні горача, а пра Зосю поўна ўсякіх чутак… Як у бубен б’юць па мястэчку… Го, колькі яшчэ давядзецца ёй пацярпець!
— Што ты кажаш! У чым справа?
— У чым справа — нібы ты ня ведаеш сам!
— Я ведаю, але-ж…
— Ніякі але-ж, калі, можа, дашло да саміх Берагоў.
— Ты думаеш?
— Можна спадзявацца.
Сёмка іншым тонам адказаў:
— А памойму — няхай-бы праведаў ды расстроіў вясельле. Што-б ад гэтага Зося згубіла?
— Эх, ты ўсё сваё… Вось бачыш — ну, да чаго-б гэта прышло? Дзе-б тады Зосі дзецца?
— Ды пакінь, Волька, спагадаць!..
— А ты пакінь апраўдваць Рыгора…
Яны яшчэ некі час паспрачаліся, ні да чаго пэўнага не дашлі, і позна, каля другое гадзіны ночы, разышліся.