Рыгор. Уклон адзначаў многае: будзіў нейкія смутныя надзеі, калупаў ужо заплесьненыя ўспамінкі, вобразы. Нанава варочаў дзяўчыну да пераацэнкі яе думак і вывадаў аб ім, яго правасьці і віны ў тым лёсе, які яе напаткаў.
Зосі хацелася, вельмі моцна хацелася выбрацца гэтым часам куды-кольвечы ў шырокае поле ці ў густы хмызьняк, дзе-б ня было нікога, дзе-б сама з сабою яна магла праверыць усе дадатныя бакі жыцьця, ацаніць вартасьць яго, абмеркаваць, як і што з ім змагацца, у чым пагадзіцца, і можа — адшукаць адну, назаўсёды роўную, адзначаную сьцежку, на якую стаць цьвёрдаю ступою і пайсьці рашучым крокам. Тое, што асталося ўзадзе, — забыць, занядбаць, лічыць не існаваўшым… Хацелася гэтага, але рэчаіснасьць трымала Зосю ў сваіх кіпцястых руках і вадзіла так, як меркавалі законы акольных абставін.
Зося пашла дадому і ўжо на парозе стрэлася з адваротнаю, надзойліваю яўю: маці папікнула яе за нядбаласьць да тых вялікіх здарэньняў у яе жыцьці, якія нясло вясельле, і выгаварыла ёй:
— Ты ўсё яшчэ ня кінула сваіх цырымоньняў, дачушка. Труціш маё сэрца, нябога! Хоць гэтыя апошнія дні ня зводзіла-б мяне.
V
«КАБ ГЭТА ЗОСЯ ВЕДАЛА, што аб ёй гавораць!» Так Зося не дагадвалася, ня думала, каб тая выпадковасьць, якая ўплялася ў яе жыцьцё, як скутак у каханьні з Рыгорам, стала зьместам рознай гутаркі аб ёй, плётак, нагавораў. Прашло колькі часу, здавалася-б павінна ўсё зьнікнуць, павінен заглушыцца рэзкі сьмех, які пачуўся ёй тады ў Лужкох, палічыўся за здань, за выабражэньне… Тымчасам, гэта было якраз ня так: патрошку, слова за словам, ад аднаго да другога, і чуткі дашлі да Берагоў. Што далей з іх выйдзе?
Каб гэта Зося ведала, што аб ёй гавораць!..
У той дзень, калі Волька перадала Зосі ўклон ад Рыгора, у Хлёравай хаце адыгралася гэткая сцэна. Адвячоркам, вярнуўшыся з поля, Хлёр ляжаў у хаце на палку і марыў аб блізкім вясельлі свайго нябога, цешачыся Васілём, як раптам убегла ў хату жонка і засаб выказала:я
— Вось табе і штука! Ці чуў?