ключалася ў тым, што зараз, калі вясельле на носе, хоць-бы і праўда была, аб чым жонка паведаміла, то гэтую праўду прыняць нельга, тым болей аддаць ёй павіннае і зрабіць тыя ці іншыя вынікі. То-б значыла стварыць гісторыю, якая-б запляміла іх котлішча, дала-б справы для розных гутарак і плётах, у сто раз горшых, усяму мястэчку і аколіцам. Дапусьціць, што Зося магла зрабіць праступак, Хлёр мог і нават ня зьдзівіўся гэтаму, калі жонка сказала, а зьдзівіўся і нават збаяўся таго, каб чутка не дашла да Тадосі і да Васіля. Аднак тое, адкуль вынікла чутка і ад каго жонка пачула, цікавіла Хлёра.
— Хто табе казаў? — запытаў ён жонку.
— Паруля Вышкава.
— Паруля? І ты верыш Парулі?
Імя Парулі Вышкавай мела за сабою нядобрую рэпутацыю; гэта мяшчанка славілася, як дасканалая ябедніца і язычніца.
— Не адна Паруля, а многія казалі; як у бубен б’юць…
— Няхай сабе ўсе гавораць, а ты маўчы…
— Дык ужо ўсе ведаюць; пэўна, я нікому не скажу, але адно дзіва, як яно так выходзіць, што нам не ўдаецца…
Хлёрыха не даказала, падумала і зьвярнулася да мужа з гэткай пропозыцыяй.
— А ўсё-ткі, Хлёр, запытай Васіля. Чаго-ж сароміцца: лепей хай праведае, што людзі брэшуць, каб ня было зьнячэўку. Хлопец дачуецца ад каго з боку і раззлуецца — тады яшчэ горай будзе…
— Нічога… Васілю ня можна ліха ведае чаго казаць. Навошта хлопца расстройваць… Ты таксама не заікайся, прашу.
Аднак, выказаўшы гэта, Хлёр хутка сам перадумаў. «А ўсё-ж жонка рацыю кажа: трэба на ўсякі выпадак пераняць Васіля. Пайду, нават сёньня пайду і так ці йначай уладжу гэта».
Аб сваім рашэньні паведаміў жонку і, павячэраўшы, пашоў да Тадосі.
Быў вечар. На вуліцы зьбіраліся начлежнікі. Хлёр сьпешнаю хадою перабег к братавай. У хаце яшчэ сьвяціўся агоньчык. Васіль з мацераю аб чымсі ўголас гутарылі. Гэта суцешыла Хлёра, які перш паглядзеў у акно, ўхмыльнуўся сам сабе і ціхаю ступою прашоў к дзьверам.
Тадося зьдзівілася Хлёраваму прыходу, але загаварыла гэта.