таго ці іншага выпадку якому-небудзь хлопцу нельга было прыходзіць да Ліня; ці ён увайходзіў у сварку з Лініхаю, або з Ліням, ці хатнія варункі не дазвалялі таго, гэты хлопец нідзе ня мог знайсьці сабе падобнага прыпынку: вось рупіла яму няйначай к Ліню зазірнуць і годзе; і ён, хоць украдкі, праходзіў між вясельшае ў Сілцох зборні ды кідаў завідлівым вокам у вокны Лінявай хаты.
Васіль быў адным з тых, каму няўсвойна, негасьцінна рашчыняліся дзьверы Лінявай хаты; вось за гэтым ён так рэдка і хадзіў туды, стараючыся быць толькі тады, калі праведваў, што Зося там. І заўсёды ён злаваў няма ведама на каго, што яму неяк ніякавата ў Ліня быць такім сьмелым, як-бы, напрыклад, Сёмку.
Нядзеляю, так пасьля абеду ці вечарам, Васіль намерыўся таксама пабыць на Ліняўскай зборні, калі толькі Зося задумае туды пайсьці. «Няйначай буду; што-б сабе там ні было — пайду і я к Ліню», — вырашыў ён і з гэтым рашэньнем лёг спаць, з ім заснуў, пры ім прачнуўся, з ім пайшоў у цэркаў, дзе маліўся, жагнаўся, падпяваў дзякам і… думаў пра Ліня ды пра Зосю.