кабету… Ледзьве супакоіў яе Хлёр, падасьпеўшы на лямант і крыкі…
Але «затушыць пажар» было ўжо позна: суседзі пасьпелі падслухаць Тадосіну лаянку і разьнесьці яе па вуліцы, па мястэчку. І хоць далейшае граньне вясельля адбывалася з надворнаю чыннасьцю, з паказным гонарам ды рызыкай — кожны, хто цікавіўся прыданымі або паходам у госьці да бацькоў маладое, падглядаў нутраную штучнасьць. Зося, хмурная, задуманая, хадзіла з апушчанымі вачмі. Беражыха — глядзела ведзьмаю; насупленай была Прыдатніха.
Учарашнія гурткі сілцоўцаў аднавіліся. На прызбах, па хатах перабіралі ўдоўж ды ўпоперак знатнае вясельле, спагадалі Зосі, успаміналі Рыгора, прадракалі маладым няцікавую будучыну. Многія выводзілі моралы наконт таго, што ў багатых заўсёды бывае няўладзіца ў гэткіх справах: бо грошы ды зямля граюць першую скрыпку, а маладыя — другую. Чаго лепшага было чакаць у даным выпадку? Рыгор больш усіх выйграў ад гэтых гутарак: яго хвалілі за прадугледжанасьць, за спрыт, з якім ён выскаўзнуў з непасрэднага абстрэлу, за стойкасьць ды сьмеласьць.
Аддавалі павіннае яму і таварышы. Вечарам гэтага дня сабраліся ў Сёмкі Пятрусь, Хірысон, Сроль і доўгі час гутарылі на гэту тэму.
— Не спадабалася, нябось, ні Берагом, ні Прыдатным, — казаў Сёмка зломысна.
— Яшчэ-б ды спадабацца! — дадаў Пятрусь, — вось няхай прыкусяць языкі. Ападзе ўвесь гонар пасьля гэтага.
— Зося маладзец! — прылучаўся Хірысон: — вось за гэта можна пахваліць. Сьмелая, прынамсі. Чаго там! Розныя цырымоніі спраўляць!
— А потым дзяўчына апала духам…
— Яшчэ-б сказаў! Абставіны гэткія, што наймацнейшы падасца. Скруцяць небараку — піснуць не пасьмее.
— Наконт гэтага — то дастанецца ад гэтага няхлюгі.
— Папалася…
Спусьціўшы некі час, хлопцы накіраваліся к Берагу.
Сёмка правёў іх жартоўным пажаданьнем папасьціся ў рукі Васілю і вярнуўся ў хату…
Калі Сёмка бразнуў клямкаю ў дзьверах, ззаду яго пазвалі: