— Дамоў? Я якраз перайму вас. Ведаеце, быў у вас дома — знарок; і цяпер зусім выпадкова сустрэў…
— У мяне былі дома?
— Так, так.
— А як-жа вы праведалі мой адрас?
— Вы мне сказалі; забылі, пэўне?
Абое адступіліся к боку панэлі.
— А навошта я вам?
Ермалай агледзеўся вакола і цішэйшым голасам сказаў:
— Сёньня надзвычайная раённая сходка ўпоўнамоцных ад заводаў і фабрык… Вы павінны быць абавязкова. Цэлы рад важнейшых пытаньняў…
Наталя задумалася, рашаючы, як быць.
— Часу ня маю, ведаеце. Сьпяшу дамоў па важнай справе.
— Гэта важней усяго. Тут насьпяваюць новыя здарэньні, якія гатовы выліцца…
— Што так раптоўна?
— Так-так… Пойдзем абавязкова; усё іншае пасьля вырашыце. Хадзем…
Наталя болей не спрачалася.
Яны кранулі ў працілежны бок, абмінаючы парк.
Некалькі прагону прашлі моўчкі. Наталі рупела пісьмо і яна натужна раздумоўвала, як і што ёй прыдзецца зрабіць. «Хаця-б не зацягнулася гэта сходка», думала сабе і меркавала так, што калі яна і скончыцца рана, то ўсё роўна займе шмат часу. Плян так ці іначай мяняўся, а гэта не здаволіла Наталю.
— Адкуль-жа, усё-ткі, вы ішлі? — пацікавіўся Ермалай, каб прагнаць няёмкасьць ад маўчанкі.
Наталя адарвалася ад думак і з лёгкаю пахвальбою адказала:
— Была ў гасьцях, ды дужа ў паважных…
Зацікавіла Ермалая.
— У каго?
— Не ўгадаеце ніколі…
— Скажэце.
— Была на спатканьні з Рыгорам.
— Ласьне?
— Але, але… Колькі каштавала сілы! Усё-ж дастукалася і прашла.