У гэты момант у кватэру ўвайшло чэцьвера асоб, а пятая, гарадавы, застаўся за дзьвярыма.
Здаравенны мужчына паведаміў:
— Мы прышлі ператрасьці вас.
Кузьма нічога не адказаў. Тады здаравенны мужчына знакам падазваў да сябе крайняга з увашоўшых і паставіў яго каля Кузьмы, а другіх дваіх паслаў трасьці ў сталовай ды спальні. Сам зашоў на кухню, абгледзеў вакола, пераставіў пасуду, адчыніў пліту і, нічога не знайшоўшы, падышоў да Кузьмы. Праз некалькі хвілін кончылі справу і другія двое.
— Пасьпяшылі захаваць, — выказаў здаравенны. — Ну, добра. Нам ня гэта важна. Скажэце, Чмель, у вас ёсьць кватарантка.
— Ёсьць, — адказаў Кузьма.
— Яе імя?
— Наталя!
— У дому?
Кузьма замяўся. Але ня было іншае рады, як прызнацца, — тым болей, што ўжо другіх двое ўпарта глядзелі ў адчыненыя дзьверы кухні, дзе сядзела Наталя.
— Дома, — адказаў Кузьма: — яна вам трэба?
— Я сама. Чым магу быць карыснаю?
Наталя вышла з кухні і горда стала перад гасьцямі.
— Начальнік жандарскага ўпраўленьня просіць да яго… Адзявайцеся, будзьце ласкавы.
Наталя ня зразу рушыла з месца, акінуўшы ўсьцяж траіх «гасьцёў» пільным узрокам. Яе не падганялі. Выстраіўшыся гуськом, усе чэцьвера ня зводзілі з яе вачэй, лісьліва ўхмыляючыся.
Некалькі хвілін усе маўчалі напружанай маўчанкаю.
Дзядзіна прыметна хвалявалася. Наталя заўважыла гэта і, каб разьбіць гэты настрой, пашла з праводамі госьця ў сваю каморку, адзелася і сьмела заявіла:
— Можам ісьці!
Словы ня змоўклі, як стукнулі дзьверы, і Наталя, акружаная «гасьцямі», вышла з хаты.
На сходах ужо яна хапілася, што забыла зьнішчыць пісьмо, якое тут-жа, пры ёй. «Як быць з гэтым?» кальнула думка.
І дзесяткі плянаў завярцеліся ў яе галаве.