На пяты дзень, аўторкам, гэты выпадак здарыўся. У абед, надало ліха, якраз на кладцы праз рэчку, блізка Берагавай хаты, схапіцца Зосінаму бацьку з Марцэлькаю Цюткаю: як прымха якая, ды годзі! Мікола злавіў Марцэльчынага хлапчука на прыпасе каня і насьцябаў пугаю. З плачам хлопец паскардзіўся мацеры, а тая — хто яе ня ведаў у Сілцох! — пашла лаяцца да хаты Прыдатных. Сустрэліся, аднак, на кладцы, і тутака-ж Марцэлька рассыпалася на Міколу градам лаянкі ды кляцьбы. Пашлі ў зварот дзяды і прадзеды, сваякі ды раднякі і… Зося. Марцэлька, пераказваючы дзесятак разоў, бессаромна перад сабранымі людзьмі ўспамінала Лужкі, складаючы гэта слова на розны лад, на розны манер.
А Тадосі якраз выпала быць сьведкаю — чутно з хаты. Яна ня ведала, дзе дзецца, слухаючы атэстацыю сваёй нявестцы. Чырванела, зьвярэла, стаючы наўздалёк, а ліхі голас паддаваў ёй нездаваленьня і злосьці да Зосі. Беражысе рабілася неўцярпеж, каб хутчэй падышоў той вечар і вярнулася з поля нявестка, — а тады яна дасьць ёй жаху…
І вось, толькі Зося пераступіла парог у сенцы, незнарок праліўшы кацялок вады, як Тадося выскачыла з хаты і з лямантам накінулася на нявестку. Пачала лаяць з апошнята слова, глуміць і паскудзіць, трасучы кулакамі над Зосяю. Гразілася адучыць — нямаведама ад чаго і што, зрабіць паслухмянай… а далей дашла да пагрозы — выгнаць з хаты.
— На якое ліха ты прыплялася сюды? — крычала Тадося, шастаючы з хаты ў сенцы ды назад. Гэта-ж ў зямлю жывой трэба лезьці, чуючы гэткія штукі… Перадлюдна гэткія рэчы выкладаць! Апаганіла ты і Васіля, і нас усіх… Усе людзі на воку… Па аколіцах пойдзе… Падума-аць… Нявестка…
Зося маўчала, крапілася, а на сэрцы бегалі мурашкі. Кілела роспаччу, як горын агнём. Нарэшце, ня стрымалася, кінула хату і пабегла да сваіх бацькоў. Але гэта яшчэ больш падліло масла ў агонь: хвілін праз дваццаць прыбег па яе Васіль, настроены, падбухтораны мацераю, і бессаромна пачаў упікаць яе ў ачох бацькоў. Тыя ўступіліся за дачку, пачалі сунімаць зяця, угаварваць, разуважаць… Куды там! Усё-ж, дашоўшы дамоў, Васіль вярнуўся назад да лаянкі і разам з мацераю доўгі час грыз Зосю. Толькі надышоўшы Хлёр разрэдзіў паветра.