Але новы выпадак адцягнуў увагу сілцоўцаў ад Берагаў, ад Зосі, ад таго здарэньня, у якім яны мелі галоўныя ролі.
Ужо выходзілі жанцы вузкімі межкамі на дарогу, вяртаючыся да хаты; ужо песьні працы паднімаліся з белым лунем над паплавамі, як з-пад Сілцоў паказалася трое коньнікаў. Шнурком, адзін за другім, яны гацалі насустрач жанцом. Падсохшая зямля курэла ззаду коняй, затуляючы пылам чырвоны промень на захадзе.
Сьпярша мала хто з жанцоў зацікавіўся коньнікамі — мала хто едзе! А калі яны сталі падбліжацца, многім стала рупець: стражнікі, пэўна.
Волька ішла пярэдняю і паказала, адвярнуўшыся да ўсіх:
— Стражнікі!.. Няўжо-то Мікола Прыдатны пасьпеў данесьці наконт Зосі?
Жанцы кінулі пяяць. Раз-по-разу пачалі азірацца вакола, стараючыся выгледзець, дзе і што ў гэту хвіліну Васіль Бераг. Зацішылі хаду, каб быць сьведкаю, што з гэтага выйдзе. То ішлі гуськом, а то сталі зьбівацца ў кучу.
Праз некалькі хвілін тыя пад’ехалі.
— Сёмка Хведараў Загон, хто тут? — супыніўшы коні, запыталі двое з іх у Вольчынага бацькі, які абмінуў жанцоў, каб ісьці дамоў.
— Сёмка Хведараў? Ня ведаю! — адказаў той і зрабіў шаг наперад; пасьля схапіўся і запытаў: — А для чаго ён вам?
— Патрэбен, — адказалі стражнікі і праехалі далей.
У чым справа — ніхто пэўна ня ведаў, але кожны з жанцоў дагадваўся, што тут няма нічога супольнага ні з Васілём, ні з Зосяю. Ва ўсіх напрошвалася думка, што Сёмка зьвязаны з поліцыяй зусім інакшымі справамі, якія мала каму ў Сілцох невядомы. Гэта інтрыгавала сілцоўцаў, якія забыліся аб тым, што можа быць у Берагоў, што наогул трэба ісьці дамоў, каб павячэраць ды лажыцца супачыць, а стаялі ў грамадзе, судзячы і пільнуючы, чым усё кончыцца.
І вось на працягу поўгадзіны часу яны былі сьведкамі, як стражнікі адшукалі Сёмку, пасобілі яму запрагчы каня і пад канвоем паехалі з ім другою сьценкаю да Сілцоў.
— Няўжо арыштавалі? — праводзілі іх трывожныя запытаньні жанцоў.