Бацькі Сёмкі падмячалі сынаву маўклівасьць і канчаткова не маглі супакоіцца. Бацька два разы правяраў Сёмку, але кожны раз Сёмка трымаўся адных слоў, разважаючы бацькоў:
— Ня думайце больш, чым было. Нічога страшнага. Мала каго аб чым пытаюць…
— Ты ня тойся ад мяне, — настойваў бацька: — калі тут датыркае Рыгора, то я Стэпе не скажу…
Западозрываў гэта Сёмкаў бацька, Хведар, па аднэй прычыне: па адсутнасьці лісту ад Рыгора к мацеры. Ведаючы яго добра за хлопца харошага, руплівага, Хведар яшчэ раней меў гэта на думцы, але Стэпе ня выказваў яе, а Сёмку ня было выпадку яе выказаць. Пасьля-ж таго, што адбылося, непатрэбна было хаваць, і Хведар абыходзіўся з ёю вальней.
Адчуваючы гэта, Сёмка пераймаў бацьку:
— З якой рацыі гэта будзе зьвязана з Рыгорам? Дзе ён, а дзе я! Тым болей, газэты даводзяць, што забастоўка ў Рызе меншае, ападае. Гэта Стэпе думаецца розна…
— Хто-б мог не падумаць, калі ад Рыгора колькі часу, як жаднае весткі.
— Колькі там часу! Бывае, год цэлы чалавек ня піша пісьма…
— То не бяз прычыны.
— Гледзячы як…
Хведар маўчаў, ня тое, каб ня верачы сыну, а ня маючы сілы перамагчы рупнасьць, якую выклікаў дапрос Сёмкі.
І вечарам, калі яны, вярнуўшыся з поля, вячэралі, а прышлі Стэпа і Волька, каб ад сябе выпытаць у Сёмкі пра ўчарашняе, Хведар некалькі разоў паўтараў:
— Вы думаеце, што нойдзеш у ім лад: кажа, нібы тут зусім пусьцяковая справа, ды справа, ня зьвязаная з Рыгорам.
— А мне ўсё думаецца, мае даражэнькія, што тутака прыплецены Рыгор. Гэта-ж падумаць, колькі часу ўжо вестак ніякіх, — сумнявалася Стэпа.
Волька суцяшала Стэпу, шчыра ўгаварваючы цётку ня трывожыцца, хоць сама яшчэ не адышла ад сполаху, які навеяў выпадак з Сёмкам.
— Нельга, здаецца, і думкі дапусьціць, — казала яна: — каб там з Рыгорам што-колечы ніякаватае здарылася. Рыгор ня гэткі прастак, — ён многіх абыдзе з усіх бакоў.