Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/452

Гэта старонка не была вычытаная

— Усё бывае, дачушка. У сьвеце, як у катле, варыцца ўсё, кіпіць. На чужыне — ня дома.

— Ды цяпер ручыць нельга, — казаў Хведар, пазіраючы ў міску.

А Сёмка сачыў за бацькам, каб той не пераказаў пры Стэпе тых думак, якія надоечы выказваў яму.

— Бачыце — факт. Ажно траіх стражнікаў выправадзілі за адным Сёмкам. Увесь час ціха, нідзе нічога, а тут цэлы крымінал.

Аднак, праз усю гутарку, якая працягнулася каля гадзіны, Сёмкаў бацька ня вышаў за рамкі і нічога падазронага наконт Рыгора ня выказаў. Стэпа засталася з папярэднім настроем, суцяшаючы сябе самую. «Няўжо такі адно з другім зьвязана? Наадварот, можа і добра, што Рыгорка ня дома. Вунь чаго пасьпела начаўпціся тут за час яго адсутнасьці», разважала яна, вярнуўшыся дахаты.

Такім чынам Сёмку ўдалося правясьці свой плян, якім ён яго сабе паставіў. Апроч таварышоў, ніхто ня ведаў сапраўднае прычыны яго візыту ў стан. У далейшым, ён ведаў, што гострасьць ападзе, цікавасьць мінецца і можна будзе бацьку паведаміць таямніцу. А пакуль — няхай астаецца пры тым, што і ўсе іншыя.

Так яно і было. Праз тыдзень, а мо’ дзён праз дзесяць, калі жніво пераняслося з жытніх палеткаў на яравыя, многія з тых, хто бачыў справоды Сёмкі пад конвоем трох стражнікаў, цяпер былі сьведкамі позвы яго да прыстава праз сотніка Бульбушку Адама. Гэты няскрытна ад Сёмкі і яго бацькоў паведаміў, што станавы заве Сёмку да сябе расьпісацца. Самая цырымонія позвы праз сотніка мела куды меншы ўплыў, хоць факт таксама даў прызадумацца Загонам. Сёмка сам не дагадаўся, у чым рэч, але ішоў у стан многа сьмялей і спакойней папярэдняга разу. І калі уся справа кончылася тым, што станавы зьняў яго падпіску аб неадлучэньні з Сілцоў, то Сёмка палічыў мажлівым расказаць бацьку ўсё ад пачатку да канца, аднак з умоваю, усё-ж, не пасьвячаць у гэта Стэпу.


IX

НАДЫХОДЗІЎ БАГАТНІК. Вакола нясло восеньню. У полі аставалася пакуль адна бульба. І тую пачалі капаць. Засеяная чуць ня цалкам азіміна прарастала чырвоненькімі хрась-