Але нічога няма тайнага, каб ня было яўным. Патрошку-патрошку папаўзьлі Сілцамі, перш нявыразныя, а далей усё паўнейшыя ды паўнейшыя чуткі, што Сёмка выклікаўся да станавога па справе, якая шчыльна датыркала Рыгора Нязвычнага. Перадавалі, няведама ад каго ды што, аб арышце Рыгора ў Рызе, аб судзе, да якога быццам-бы яго пацягнулі. Чуткі — рэч каразьлівая: вакол іх вырастала шмат лягенд, дадавалася процьма казачнасьці і, урэшце, калі дашлі яны некім чынам да Стэпы, вырасьлі ў цэлую агромністую гісторыю, страшную ды нячуваную. Нязвычніха была ашаломлена ёю, запалохана, і першыя дні ня ведала, дзе яна — на гэтым сьвеце, а мо’ пад зямлёю. Перш няпрытомнаю наведала Загонаў. Плакала цэлы вечар у іх хаце, дапытвала Сёмкі, не здаволілася тым, што ён дагэтуль нічога не казаў, прасіла хоць чым-колечы пасобіць.
— Можа парадзіш, сынок, мне паехаць у Рыгу? — уваскросла з новаю сілаю незабытая думка.
— Як-жа-ж вы паедзеце? Што вы там праведаеце… Ды, апроч таго, вам няма ніякае патрэбы ехаць… Мала што людзі гавораць… Так вы думаеце, што і сапраўды гэткія страхі.
А Хведар Загон ад сябе разважаў Стэпу.
— Сапраўды, куды ты паедзеш? Ты-ж ніякага толку ня знойдзеш. Гэта табе ня Сілцы, што кожны чалавек знаёмы, можа парадзіць, а то і пасобіць… Дый то, паглядзі сама, якая-б магла быць мне дапамога, каб гэта майго Сёмку забралі! Адно на допыты завялі, і то я ня ведаю, як і што зрабіць, а мужчына, ды дома… А ты… Не кажы, Стэпа! Што-ж зробіш, сьвет гэтакі! Пашоў па такім шляху — не пяроймеш, не малы хлапчук, мужчына, бачыш… Вось колькі я свайму Сёмку кажу: няхай-бы ты, сынок, пасьцярогся, няхай-бы памаўчаў; бацькі старыя, возьмуць, чаго добрага — што мы зробім. А ён — ні лыс… Перакананьні… Хто за гэта не цярпеў. Праўда, табе цяжка гадзіцца з гэтым, але нічога ня зробіш, прыходзіцца… Ты думаеш, крый чаго, вельмі страшна? Паглядзі — Стаўбуноў Віктар напісаў, што к дзядом прыедзе дадому. Яно пэўна…
Стэпа заспакойвалася, мэрам-бы ўкалыхвалася Хведаравымі словамі, але залячыць імі вышаўшай наповерх раны не магла. Можа і праўду гавора, усё-ж самая праўда не папраўляе справу.