людную мудрасьць, ужывалі рознастайныя довады вяковае лёгікі, суцяшалі.
Казалі Стэпе:
— Ну, а згадзіся, сястрыца: бывае, што памрэ чалавек. Такі ўжо лёс… Ласьне другому, будзь то маці сабе, ня трэба жыць? Жывым-жа ў зямлю не палезеш… Людзкое жыцьцё ўжо пастроена гэтак. Аднаму суджана да старасьці пажыць, іншаму — сыці з зямлі ў самым росквіце… Нямерны жаль, роспач нялюдзкая, а пасьля прывыкае чалавек, абжываецца, занывае…
— Альбо можна раўняць з гэткім станам цяперашні выпадак у тваім жыцьці? Паглядзі, іншыя людзі па дзесяць год адбывалі пасяленьне альбо вастрог, варочаліся назад і жылі-жылі, забыўшы ўсё ўсялякае.
— Памятаеш, паўстанцы польскія: колькі іх на пасяленьне выгналі! А пасьля ў некалькі гадоў паварочаліся назад і нібыта тое. Альбо Кульдабіцкі Сымон: дзесяць год за політыку праседзеў у Ліцкім астрозе…
— І ня гэтае тутака: мо’ нічога зусім, а мо’ арышт. Вядома, у горадзе — усюды ўмяшаецца чалавек. Мо’-б не хацёў, а мусіш. Бо, калі не ўмяшаешся, бывае горш выдзе… Ці мала людзей арыштоўваюць?! А ласьне яны гінуць праз гэта? Тое і з Рыгорам будзе. Ну, патрымаюць некалькі часу, калі арыштавалі, а пасьля і выпусьцяць… Нечакана атрымаеш ліст…
— Ды то, калі і што яно было! Можа ўжо зараз Рыгор на волі. Ласьне ведама каму, як і што там робіцца? Людзям балхвіць — языкі не баляць, можна колькі хоч. Сядзяць тут, як у загарадзе, і толькі падай тую иі іншую чутку — разадзьмуць у сланя. Напэўна, і з гэтым тая-ж справа. Ты тут тужыш, бядуеш, а ён там — нібыта той…
Але для Стэпы аставаўся адзін факт: гэта адсутнасьць пісьма. Можа-б яна ніяк не спалохалася-б і таго, што Сёмку выклікалі ў поліцыю з-за Рыгора; каб ён, Рыгор, паведаміў ёй аб сабе. А то — воляй-няволяю будзеш думаць усялякую ўсялячыну, калі ад чалавека ні чуткі, ні пагуткі. І Стэпа заставалася з адным балючым рашэньнем:
— Ня ўбачыцца мне з Рыгоркам!