Нарэшце, блаславіла некалькімі гарачымі словамі Пятруся і ня сышла з месца, пакуль не заціх грукат калёс у начной цемні.
Вярнулася дамоў аднэю і запытала у пустую хату:
— Рыгор, Рыгор, дзе ты, што з табою? Калі мы стрэнемся, сынок?
Мястэчка Сілцы і горад Рыга. Пецярбург. Некая сіла лучыла іх між сабою. Пералівы людзкога жыцьця хвалююцца ў адным пункце, адбіваюцца рэхам у другім. Змываюць упарта каменчык за каменчыкам, нясучы яго туды, дзе ёсьць перавага кіпучай сілы завірухі. Дзе пачатак, дзе канец? Не знайсьці. Калыханьне хваль жыцьцёвага мора роўнаважна ахапляе зямную кулю. Адлівы — прылівы. Аднакі ўзровень.
Рыгор, Пятрусь — тое, чаго ня старчыла ў горадзе. Іх нясла хваля туды. Пераплётам заблытаных зьяў ужо выказваўся закон тае сілы, якая пасьля прыдалася для вялікага акту — перш разбурэньне старых асноў, а сьледам — будаваньня новае формы людзкога дабрабыту. Жыцьцё шліфуе людзей — людзі шліфуюць жыцьцё. Працоўнік народжаны змагайца. Яго лёс перамагчы на сваім шляху ўсё тое, што перашкодзіць яму стаць панам жыцьцёвага стану. Жыцьцё няхай будзе падуладным яму… Гэта закон, гэта правілы, гэта лёзунг! Дык няхай жыве нясупыннае змаганьне!