хто крохкі вераю, ломкі духам; замест таго, каб ісьці і вясьці за сабой другіх — яны, трусы, малаверы, дробнадушцы — чакаюць. Ці-ж вас забірае сумленьне ў тым, што творчы імпат працоўных гушчаў зруйнуе на сваім шляху ўсе перашкоды і зьвядзе на зямлю панства соцыяльнае роўнасьці? Прыслухайцеся, сапе вецер жывільнай сілы, разганяе полах цёмных хмар. Хто спаў — прачынаецца і хто маўчаў — пачынае гаварыць; хто цярпеў — протэстуе, хто падаваўся — змагаецца, песьні жалю зьмяняюцца песьнямі перамогі. Якраз, нібы на вясьне, калі прыгрэе цёплае сонца, растопіць гурбы сьнегу, зазеляніць жоўтыя паплавы, убярэ хмурныя лясы… Наперад, да боек!.. Дык сьпявайце-ж песьні паўстаньня, векавыя рабы; мільённыя гушчы працоўных… Сьпявайце!..
— Гэй, з дарогі ты там! — голасна прагукаў Шэя і нібы абудзіў Рыгора; ён раптоўна схамянуўся, павярнуўся крыху на бок і кінуў узрокам наперад.
Насустрэч ім ехаў селянін, тарчэўшы на возе між чатырох набітых рудых мяшкоў. Якраз у Міжканаўі, перад Ясявай грэбляй, сялянскі конь захванабэрыўся, ці спалохаўся і раптам спыніўся. Спыніўся ў самым вузкім мейсцы — вось і перагарадзіў дарогу.
— Праяжджай, праяжджай, што там расьпяўся на дарозе! — прагукаў Шэя.
— Пасьпееш там, надрэнціла ліха, — адгыркнуўся селянін нібыта той.
— А, лайдачына ты, а хамутнік гэтакі. А, вунь, што ўздумаў: пераняў адрогу ды яшчэ і лаецца. Вось жулік — дык жулік! — скарамоўна пачаў сыпаць Шэя на селяніна, трасучы ў паветры пугаю.
— Ня лайся, ня лайся вельмі так: сам лайдак паганы… — не астаўся вінным селянін.
Пакуль яны лаяліся, сялянскі конь крануўся і паціху пашоў; Шэя скоса зірнуў на селяніна, які перайшоў на другі бок драбін, трымаючы каня за лейцы, і нешта яшчэ гыркануў няўшчуй.
Рыгор слухаў лаянку Шэі з селянінам і незадавалёна круціў галавою. Нарэшце, не змаўчаў і папікнуў абодвых:
— Ня добра, дзядзькі. З-за чаго і на што вам сварыцца? Інтарэсы ў вас супроцьлежныя? Кіньце! Не гадзіцца. Сорамна.
— Не, бо, прэ сярод дарогі, на яго ўсё ліхое, і яшчэ ня любіць. Каб і не хацеў што сказаць, дык мусіш.