Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

— Што-ж парадзіш, Шэя. Доля ўжо такоўская, селяніну суджана было многія вякі ісьці обмацкамі па сьцежцы жыцьцёвай. Цёмная вёска, бедная вёска. З часам гэта зьменіцца…

Апошнія словы Рыгор прамовіў так уверана, што Шэя ня мог нічым пасупярэчыць і нічога не адказаў. Адвярнуўшыся к каню ён тузнуў лейцамі, выцяў яго зьлёгку пугаю па крыжы, нукнуў і задудоніў сабе пад нос якуюсьці рэзвую мэлёдыю.

Рыгор-жа ізноў пачаў акідаць узрокамі вакольныя галы, лясы, вёскі і панскія маёнткі. У галаве яго новым роем захадзілі рэзвыя думкі — успамінкі.


II

У СІЛЦЫ ЯНЫ ЎЕХАЛІ а палове дванаццатай гадзіны дня. У гэты час усе сілчане, ад мала да вяліка, былі хто ў царкве, хто на рынку, і Рыгора, праехаўшата са тры вуліцы і некалькі перавулкаў маглі бачыць толькі двое дзіцянят-хлапчукоў, вызіраўшых з-пад вешніц двара нейчай (ён ня ведаў чыёй) хаты, толькі што падбудаванай, з няпрыробленымі к вокнам шуляваньнямі. Апроч гэтых дзяцей, з іх хурманкаю яшчэ разьмінулася некалькі падвод, ехаўшых з касьцёла шляхтаў.

Рыгор нават быў рад таму, што так вышла, бо яму ня вельмі і хацелася, каб хто знаёмы яго сустрэў наперад, чымсь ён пасьпее зазірнуць у сваю хату. Спакойна і паважна зьлез ён з воза ля хаты, ля гэткай самай, нічуць не зьмяніўшайся хібаркі, якую ён і пакінуў. Шэя зьняў з воза куфэрак, паставіў яго на прызьбе, а каня прывязаў лейцамі к сіратліваму пахіламу шулу, якое тырчэла на крок ад вугла хаты.

— Я ў хату ўнясу куфэрак, га? — запытаў Шэя.

— Ай, не, ня трэба, ня трэба: лішняя турбацыя, — спыніў Рыгор:

— Вось ляпеў скажэце, колькі трэба за хурманку? — дабавіў ён, ухмыляючыся.

— Ну, што там яшчэ гаманіць… Я пэвен, што Нязвычны мяне не ашукае і… не пакрыўдзіць… А, ведаючы гэта, ці-ж трэба таргавацца?

— Так то яно так, але скажэце ўсё-ткі, каб вышла палюдзку, — наставаў на сваём Рыгор.

— Дык што-ж, калі так, то хай рубель, ня будзе замнога?