точкі? — абярнуўся Рыгор да таварышоў, потым абярнуўся да мацеры і таксама запытаў:
— А, вы, мама?
— О, брат, мы-то жывём! У сваём кутку, у сваіх Сілцох, як у хрыста за пазухаю, — весела адпавеў Сёмка.
— Ды жыву, сынку, марнею памаленьку, — дабавіла Стэпа.
— Разьдзенься хаця ды спачынь крыху з дарогі. Я дам есьці — падмацуйся.
Але Рыгору і няўцям было, што ён ня спаў ужо цэлую пору і што ня вельмі быў сыт ядою.
— Нічога, нічога, маці, не клапаціся, — адказаў ён, махнуўшы нядбайна рукою, а сам ня сьціхаў распытвацца аб усякіх сілцоўскіх навінах ды расказваць усё тое, што яму даводзілася чуваць і бачыць за гэты час на сьвеце. Гаварыў урыўкамі, кусочкамі ад кожнага здарэньня; а здарэньні выбіраў такія, што трапляліся на адгон адно ад другога на месяцы часу. Дзіўнага, сьмешнага і цікавага было процьма і Сёмка з Пятрусём, а таксама Стэпа так былі захоплены яго апавяданьня, што кожнае Рыгорава слова нібы ўбіралі ў сябе і смакавалі.
Рыгор стаяў, як прыехаў: у капялюшы, у паліце, запылены; забылі ўсе папрасіць яго прысесьці, а ён сам не дагадываўся, ці не хацеў.
— А за-а-аво-оды, за-воды!!! — з асобным прыціскам зацягваў ён: — каб вы толькі пабачылі: аграмадныя такія дамішчы; даўжынёю, напрыклад, як ад рэчкі да рынку; у тры, чатыры, а то і ў пяць атажоў. А пры боку трубы высачэзныя-высачэзныя — цягнуцца к самаму небу і бясьсьціханьня сапуць чорнаю сопухаю. Цікава паглядзець з боку. А калі ўвойдзеш у такі завод — колькі там народу-у-у! Як мурашак, як на пажары: кішаць, бегаюць, лётаюць. Машыны гудуць, калёсы верцяцца, шум, стук, грукат, сьвіст…
— Вось на адным з такіх працую і я…
І спыніўся, нібы што забыў.
— Ах, хаця разьдзецца трэба; я і забыў.
— Але, але, разьдзенься, разьдзенься, Рыгору, — у адзін голас праказалі Сёмка, Пятрусь і Стэпа.
Рыгор паціху стаў разьдзявацца.
— Ад Рыгі як рукою падаць узморра: езьдзіш туды; устанеш гэта раніцаю, пап’еш чаю, купіш чаго з сабою і на цягнік. На ўзморры народу — калі ня прыедзеш — процьма, кішмя кі-