год гадзіла яго пастухом у сваём мястэчку. Ад Юр’я да дзядоў Рыгор быў не яе: начаваў па людзях, прачынаўся досьвіткам і цэлы дзень ад сонца да сонца знаходзіўся ў полі. За гэту службу яго кармілі і плацілі па рублю за штуку. Рыгор зарабляў да трыццаці рублёў у лета; аддаваў грошы цалкам мацеры і, вядома, многа-многа дапамагаў ёй гэтым.
Зімою-ж праз тры гады, Стэпа аддавала Рыгора вучыцца к дырэктару; грамата Рыгору падабалася, і ён браўся, як лепш было ня трэба: ішоў уперадзе ўсіх сваіх таварышоў-вучняў. Дырэктар часта радзіў Стэпе, каб яна не пакідала свайго сына вучыць, а аддала-б яго ў вышэйшую школу: «З яго можа выйці граматны чалавек».
Ды Стэпа і сама добра ведала, што ў яе сына захаваны вялікі талент, толькі няма рады, як яго поўнасьцю выявіць… Пры гэтым яна ўспамінала нябожчыка Міхася і казала сама сабе:
«Міхаську мой мілы, — як-бы ты быў рад, каб дажыў дагэтуль! Такім разумным, такім хітрым удаўся твой сын!» Балела кабеціна сэрца. Але Стэпа была адна: ні помачы, ні спагады чакаць ёй ня было адкуль… Уся радня, як па гаспадару, так і яе — вымерла яшчэ да таго часу, калі Стэпа вышла замуж; нават, трэба сказаць, што яны з Міхасём і пажаніліся ўжо сіротамі, адзінотамі. І Стэпе нічога другога не аставалася рабіць, як пакінуць і думаць аб далейшым вучэньні сына, забыцца пра гэта… І вось, кончыўшы сельскую школу Рыгор стаў наймацца. Кончыць пасьвіць каровы і ідзе на хвальбарак малаціць, або адпраўляецца з мястачковымі балаголамі ў павятовы горад. І на службе і прышоўшы са службы Рыгор не раставаўся з кніжкаю.
Так прайшло цэлых тры зімы. Тым часам Рыгору пайшоў восемнаццаты год.
Ад свайго бацькі Рыгор пераняў яго добрую шырокую натуру, мяккі і гасьцінны выгляд; ні ростам, ні сілаю, ён не паходзіў на яго ні каліва, ні званьня: высокі, белакуры, плячысты Рыгор выглядаў статным і паважным. Ні пагарды, ні сораму ён не баяўся. А да розуму ён меў ад роду непакорную душу і прагу к свабодзе. Разлука з маткаю, блуканьне па людзях многае ў ём перамянілі, ніякая работа ня пужала яго. І вось, калі Бэрка Шкляр пашырыў сваё балаголства і пачаў шукаць сабе наймічоў, Рыгор барджэй пашоў да яго і наняўся за пятнаццаць рублёў у месяц.